Вільям Мальмсберыйскі

Уі́льям Малмсберы́йскі (англ.: William of Malmesbury, каля 10901143) — англійскі гісторык XII стагоддзя родам з Уілтшыра, Паўднёва-Заходняя Англія.

Вільям Мальмсберыйскі
Вітраж з выявай Уільяма ў Мальмсберыйскім манастыры. 1928.
Вітраж з выявай Уільяма ў Мальмсберыйскім манастыры. 1928.
Дата нараджэння 1080-я[1]
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1142
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, пісьменнік, манах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Інфармацыі пра жыццё Уільяма захавалася мала. Асноўнай крыніцай біяграфічных даных з’яўляюцца яго ўласныя творы. Дата яго нараджэння вызначаецца прыблізна 1090 годам, падставай для гэтага служыць згадванне ў сачыненні, напісаным на смерць Генрыха I у 1135 годзе, пра тое, што яму сорак гадоў, і ён ужо даўно займаецца гісторыяй. Таксама, сам Уільям у пралогу Трэцяй кнігі «Гісторыі англійскіх каралёў» гаворыць пра сваё нармандскае паходжанне па бацьку і англасаксонскае — па маці.

 
Выгляд Мальмсберыйскага манастыра ва Уілтшыры, Англія.

У 1105 годзе ён быў аддадзены на навучанне ў Мальмсберыйскі манастыр, Уілтшыр, у якім атрымаў рознабаковую адукацыю, якая ўключала ў сябе заняткі логікай, медыцынай і фізікай. Асаблівую ж увагу Уільям надаваў этыцы і гісторыі. Быўшы на працягу пэўнага перыяду жыцця бібліятэкарам манастыра, ён меў цудоўную магчымасць вывучаць працы старажытных аўтараў і збіраць матэрыялы пра жыццё выдатных дзеячаў англійскай гісторыі, што падштурхнула яго на стварэнне ўласных гістарычных сачыненняў.

Відаць, Уільям правёў усё жыццё ў Мальмсберыйскім манастыры, дзе была напісана большасць яго твораў, за выключэннем невялікага перыяду знаходжання ў манастыры Гластанберы, пра гісторыю якога ў 1139 годзе ім была напісана кніга «Пра старажытнасці Гластанберыйскай царквы».

Памёр ён у 1142 годзе, неўзабаве пасля таго як скончыў пісаць трэцюю кнігу «Новай гісторыі».

Сачыненні правіць

Уільямам Мальмсберыйскім былі напісаны каля двух дзясяткаў гістарычных, агіяграфічных і тэалагічных сачыненняў. Галоўнымі яго працамі з’яўляюцца «Гісторыя англійскіх каралёў» (лац.: «Gesta regum Anglorum») і «Новая гісторыя» (лац.: «Historia novella»).

Першая рэдакцыя «Гісторыі англійскіх каралёў» пабачыла свет у 1125 годзе. Гэта манументальная праца, якая складаецца з пяці кніг, апісвае гісторыю Англіі ад апошніх дзён рымскага валадарства над Брытаніяй да сярэдзіны XII стагоддзя. У сутнасці, гэта сачыненне Уільяма з’яўляецца першым пасля «Царкоўнай гісторыі народа англаў» Беды Вялебнага творам з бесперапынным выкладам гістарычных падзей Англіі ў названы перыяд.

Першая кніга «Гісторыі англійскіх каралёў» змяшчае апісанне падзей, які пачаліся з прыбыцця англасаксаў у Брытанію і заканчваецца кіраваннем Эгберта, які аб’яднаў Гептархію ў адно каралеўства. Другая кніга апісвае перыяд кіравання англасаксонскай дынастыі. Трэцяя кніга прысвечана Вільгельму Заваёўніку. Чацвёртая кніга апавядае пра кіраванне Вільгельма Рудога і падзеі Першага крыжовага паходу. Пятая кніга напісана на фактычным матэрыяле, сучасным Уільяму, і прысвечана кіраванню Генрыха I.

«Новая гісторыя» ў трох кнігах з’яўляецца працягам «Гісторыі англійскіх каралёў». Асноўнай тэмай твора выступае грамадзянская вайна паміж Стэфанам Блуаскім і Мацільдай, дачкой нябожчыка Генрыха I. Пры апісанні гэтых падзей звесткі Уільяма неверагодна дакладныя, бо ён чэрпаў іх непасрэдна ад высокапастаўленых удзельнікаў гэтага канфлікту.

Многія сучасныя спецыялісты сыходзяцца ў тым, што сярод сучасных яму гісторыкаў Уільяма Мальмсберыйскага адрозніваў крытычны падыход да падбору крыніц, яго творы вылучаюцца скрупулёзнасцю ў адсеве недакладнага матэрыялу і імкненнем да аб’ектыўнасці. Апошняе асабліва характэрна выявілася ў «Новай Гісторыі» — неаднаразова называючы Роберта Глостэрскага, галоўнага военачальніка Мацільды ў яе супрацьстаянні са Стэфанам, сваім сябрам і патронам, Уільям, тым не менш, захоўвае нейтральны пункт гледжання.

Таксама для твораў Уільяма характэрна добрая лацінская мова, упрыгожаная шматлікімі вытрымкамі з антычных і сучасных яму аўтараў, прамовамі галоўных гістарычных персанажаў, народнымі паданнямі і прыказкамі. Асноўнае месца ў гістарычным палатне ён адводзіць выдатным асобам, апісанне якіх характарызуецца глыбокім псіхалагічным аналізам і адсутнасцю ідэалізацыі. Гістарычны матэрыял у сачыненнях Уільяма прадстаўлены з высокай ступенню сістэматызацыі і спробамі выявіць аб’ектыўныя прычыны апісаных падзей.

Творы Уільяма Мальмсберыйскага былі годна ацэнены яго сучаснікамі, пра што гаворыць багатая колькасць цытат і спасылак на іх у працах многіх яго калегаў. Дагэтуль «Гісторыя англійскіх каралёў» і «Новая гісторыя», роўна як і іншыя яго творы, уяўляюць значную цікавасць як з пункту гледжання гістарыяграфіі XII стагоддзя, так і ў якасці крыніц па гісторыі Англіі таго часу.

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 сакавіка 2015.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. http://muse.jhu.edu/journals/parergon/v008/8.2.ward.pdf
  5. http://muse.jhu.edu/journals/essays_in_medieval_studies/v028/28.kynan-wilson.html

Літаратура правіць

  • Средневековая латинская литература IV—IX вв. М. 1970
  • William of Malmesbury: Gesta Regum Anglorum (Deeds of the English Kings), Vol I, Edited and Translated by R. A. B. Mynors, Oxford University Press, 1998. ISBN 0-19-820678-X
  • William of Malmesbury: Gesta Regum Anglorum (Deeds of the English Kings), Volume II: General Introduction and Commentary, R. M. Thomson and M. Winterbottom, Oxford Universitynts' Lives, Edited by M. Winterbottom and R. M. Thomson, Oxford University Press, 2002, ISBN 0-19-820709-3
  • William of Malmesbury: Historia Novella (The Contemporary History), Edited by Edmund King, translated by K. R. Potter, Oxford University Press, 1999, ISBN 0-19-820192-3
  • William of Malmesbury, Chronicle of the Kings of England, Translation by Rev. John Sharpe, 1815. J.A. Giles, editor. London: George Bell and Sons, 1904.
  • William of Malmesbury: The Deeds of the Bishops of England [Gesta Pontificum Anglorum], Translated by David Preest, 2002, ISBN 0-85115-884-6
  • Rodney M Thomson, William of Malmesbury, ISBN 1-84383-030-2

Спасылкі правіць