Дубайскі парк
Дубайскі парк — помнік садова-паркавага мастацтва, размешчаны на паўднёва-заходняй ускраіне в. Дубае Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рэдкі помнік садова-паркавага мастацтва т. зв. «французскага» рэгулярнага тыпу планіроўкі 18 ст.
Заснаваны як сядзібны парк у сярэдзіне 18 ст. У першай палове 19 ст. расшыраны ў паўночным напрамку і набыў пейзажную кампазіцыю. Ад комплексу сядзібных пабудоў захавалася васьмігранная капліца.
Апісанне правіць
Парк спланаваны па квадратным участку плошчай каля 11 га, абмежаваным каналамі і сажалкамі. Асноўны зялёны масіў, які знаходзіцца за былым палацам, разам з ліпавымі шпалерамі быў фонам для манументальных пабудоў параднага партэра. Абапал яго былі зафлігельныя прамавугольныя баскеты з пладовым садам.
Пачатковая планіроўка парку мела геаметрычна-восевы характар. Прынцыпу рэгулярнасці падпарадкоўвалася размяшчэнне палаца, жылых флігеляў, капліцы, фантанаў, кветнікаў, баскетаў. У паркавы ландшафт былі ўключаны аранжарэі, цяпліцы, масткі і інш. Цэнтральны ўезд у сядзібу вырашаны 2 руставанымі пілонамі, якія падкрэслівалі падоўжаную вось ансамбля. Два бакавыя пад'езды праходзяць па яловых алеях. Планіровачна-прасторавая кампазіцыя заснавана на чаргаванні адкрытай прасторы палян і вадаёмаў з цяністымі прысадамі. Прагулачныя маршруты праходзілі па алеях, уздоўж каналаў і дамб. У парку растуць мясцовыя пароды дрэў: елка, ліпа, таполя, бяроза, хвоя, ясень, а таксама піхта, лістоўніца, тсуга канадская, каштан, валоскі арэх.
Прынпыпу рэгулярнасці падпарадкавана і арганізацыя воднай сістэмы парку: па восі палаца знаходзяцца круглая (дыяметр каля 30 м) сажалка з фантанамі (не зберагліся) і шэраг прамавугольных вадаёмаў па вуглах. На паўднёва-заходняй ускраіне сядзібы былі рыбныя садкі, якія з дапамогай дамб стваралі перапад вады і жывілі паркавыя сажалкі і фантаны .
Літаратура правіць
- Парк «Дубай». Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Дубайскі парк. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Дубайскі парк на сайце Radzima.org
- Дубайскі парк на сайце Глобус Беларусі (руск.)