Кікапу (саманазва: Kiikaapoa) — алганкінскі народ. Жывуць у Мексіцы і ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) - 1600 чал.[1]

Кікапу
Kiikaapoa
Агульная колькасць 1600
Рэгіёны пражывання  Мексіка 900

 ЗША 700

Мова кікапу
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы ілінойс, саўк, месквакі

Гісторыя правіць

Першасным месцам рассялення кікапу быў рэгіён Вялікіх азёр. У першай трэці XVII ст. яны ўсталявалі сувязі з французскімі каланістамі, прымалі ўдзел у Бабровых войнах на баку Францыі. Аднак к канцу XVII ст. кошт на футра, якое складала аснову гандлю з еўрапейцамі, знізіўся. Кікапу моцна пацярпелі ад эпідэміі 1702 г. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля Сямігадовай вайны, калі французскія калоніі ў Канадзе апынуліся пад уладаю Вялікабрытаніі.

У 1769 г. кікапу былі вымушаны пачаць перасяленне на захад. У 1811 г. яны падтрымалі Тэкумсэ, правадыра шаўні, у вайне супраць ЗША, але пацярпелі паражэнне. Важную ролю ў лёсе гэтага народа адыграў шаман Кенекук. Ён спавядаў забарону гвалтоўных метадаў барацьбы і падпарадкаваўся амерыканскім уладам, калі тыя ў 1832 г. загадалі кікапу перасяляцца ў Канзас. У выніку далейшага перасялення значная частка народа апынулася пасля грамадзянскай вайны ў Мексіцы.

У нашы дні кікапу ЗША насяляюць дзве аўтаномныя рэзервацыі ў штатах Канзас і Тэхас. Супольнасць кікапу ў Аклахоме кіруецца пагадненнем 1936 г., што гарантуе правы на зямлю і развіццё аўтэнтычнай культуры. Мексіканскія кікапу жывуць пераважна ў штаце Кааўіла і захоўваюць шчыльныя сувязі з кікапу Аклахомы і Канзаса.

Культура правіць

 
Кікапу ладзяць вігвам. Мексіка

Першасная культура кікапу фарміравалася ў лясным рэгіёне Вялікіх азёр. Падобна іншым алганкінскім народам, яны займаліся паляваннем, рыбалоўствам і ручным земляробствам. Перасяленне на заходнія прэрыі стымулявала развіццё палявання на бізонаў і значныя змены ладу жыцця. Аднак у адрозненні ад іншых плямён-перасяленцаў, яны захоўвалі земляробства і многія старадаўнія звычаі. Гэта асабліва тычыцца кікапу Мексікі. Даследаванні 1954 г. выявілі, што яны імкнуцца працягваць лад жыцця, больш характэрны для лясных індзейцаў.

У рэгіёне Вялікіх азёр кікапу былі вымушаны вандраваць услед за міграцыямі жывёл, таму яны мелі сталыя вёскі і часовыя сезонныя паселішчы. Жылі ў вігвамах, крытых драўнянай карою. На Вялікіх раўнінах вігвам, крыты скурамі бізонаў і іншых жывёл, заставаўся асноўным жытлам да сярэдзіны XX ст.

Традыцыйную вопратку шыюць са скуры і тканін. Папулярны вузкія скураныя штаны, лёгкія кашулі і спадніцы, зімовыя накідкі і плашчы. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся пацеркамі, пер'ем, фарбавалі цела. Мужчыны галілі пярэднюю частку галавы і мелі доўгія валасы на патыліцы.

Кікапу маюць багаты фальклор. Вылучаюцца цыклы міфаў пра стварэнне свету і гістарычныя паданні пра перасяленне на захад.

Мова правіць

Мова кікапу адносіцца да алганкінскай групы моў. У нашы дні карыстаюцца пісьмовасцю на аснове лацінкі. Мова кікапу выкладаецца ў індзейскіх школах ЗША, гучыць па радыё.

Субэтнічныя групы правіць

Сярод кікапу Канзаса вылучаецца група маскутэн, якая паходзіць ад незалежнага алганкінскага племені, што ў XVII ст. насялала Вісконсін.

Рэлігія правіць

Кікапу захавалі многія анімістычныя вераванні. Важную ролю ў жыцці народа адыгрывалі шаманы, якія бралі на сябе ролю палітычных правадыроў. У наш час вялікая колькасць вернікаў спавядае хрысціянства або належыць да пеётыстаў.

Зноскі

Спасылкі правіць