Махавік чырванеючы, або рубінава-ружовы (Xerocomus rubellus) — шапкавы базідыяльны грыб сямейства балетавых.
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—6(8) см, пукатая, потым пляскатая, тонкаапушаная, іншы раз са шчылінкамі, вішнёва-чырвона-бурая або ружова-бураватая, звычайна з аліўкавым адценнем. Мякаць жоўтая, на разрэзе ў ножцы злёгку зелянее. Трубачкі прырослыя, з вуглаватымі порамі, жоўта-аліўкавыя, пры дотыку зелянеюць. Ножка памерам 4—8 х 1—2 см, суцэльная, роўная, каля трубачак жоўтая, каля асновы з вішнёва-чырвоным адценнем. Споры 8—15 х 4—6 мкм, падоўжана-эліпсаідальныя, гладкія, жоўта-аліўкавыя.
Немаральны від з еўразійска-афрыканскім арэалам. Пашырэнне: Еўразія, Паўночная Афрыка. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных плошчах.
Месцы росту: дубравы і іншыя шыракалістыя лясы. Пладаносіць адзінкавымі пладовымі целамі і невялікімі групамі.
Асаблівасці біялогіі
правіць
Мікарызны сімбіёнт дуба, граба, магчыма ляшчыны. Пладаносіць ва ўмовах умеранага ўвільгатнення. Пладовыя целы з'яўляюцца ў ліпені-верасні.
Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб.
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5