Гарадскі музей Карэра (італ.: Museo Civico Correr) — мастацкі музей у Венецыі, які асвятляе розныя аспекты традыцыйнага венецыянскага жыцця, асабліва апошняга перыяду існавання Венецыянскай рэспублікі.

Будынак Новых пракурацый, дзе размяшчаецца Музей Карэр
Віторэ Карпача. Дзве венецыянкі. 1510

Музей займае напалеонаўскае крыло Пракурацый на плошчы Сан-Марка, насупраць сабора Св. Марка. Ён узнік у 1830 годзе дзякуючы венецыянцу Тэадора Карэру (1750—1830), які адпісаў гораду сваю найкаштоўную калекцыю жывапісу і старадаўніх прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Флігель Напалеона злучае Старую і Новую пракурацыі, але не занадта добра ўпісваецца ў агульны ансамбль[1]. Да 1807 года на гэтым месцы стаяла царква, якую знеслі, каб увянчаць рэзідэнцыю Напалеона вялікім парталам (архітэктар Джузэпэ Салі).

У наш час збор музея складаецца з трох розных калекцый. Гістарычныя краявіды Венецыі, дакументы, ведуты, выкананыя школай Каналета і прадстаўленыя ў экспазіцыі Фонду Тэадора Карэра, апавядаюць пра розныя этапы гісторыі горада. У гэту калекцыю музея таксама ўваходзяць бібліятэка з былога манастыра тэатынцаў, парадная адзежа, манеты і пячаткі, а таксама гістарычная зброя.

Другая частка музейных фондаў уяўляе сабой карцінную галерэю. У яе ўваходзіць цэлы шэраг жанравых твораў венецыянскай школы, як, напрыклад, сцэны венецыянскага маскараду пэндзля П'етра Лангі і карціна Карпача «Дзве венецыянкі», якую ў XIX ст. памылкова прымалі за выяву дзвюх куртызанак.

Музей Рысарджымента (італ.: Museo del Risorgimento e dell'Ottocento Veneziano)з'яўляецца трэцяй калекцыяй Музея Карэр, дзе ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены сведчанні гісторыі Венецыі ў перыяд ад падзення рэспублікі да аб'яднання Італіі ў XIX ст. у форме гістарычных карцін, касцюмаў, дакументаў і гравюр.

Зноскі

  1. Италия (Северная и Центральная). М.: Авангард, 2008, С. 208. ISBN 978-5-86394-287-2.

Бібліяграфія правіць

  • Thorsten Droste: Venedig — DuMont Kunst-Reiseführer; DuMont Buchverlag, Köln 1996, ISBN 3-7701-3582-2, S. 313.

Спасылкі правіць