Пеяратыў
Пеяратыў (ад лац.: pējōrāre — «пагаршаць») — слова або словазлучэнне, якое выказвае адмоўную ацэнку чаго-небудзь ці каго-небудзь, незадавальненне, ганьбаванне, іронію або пагарду. Нягледзячы на тое што з дапамогай пеяратываў выяўляюцца негатыўныя эмоцыі, іх не варта блытаць з лаянкай, паколькі ў іх, як правіла, не выкарыстоўваецца лаянкавая лексіка і ненарматыўныя выразы.
Найбольш тыповы від пеяратываў — так званыя этнафалізмы ці нацыянальныя мянушкі, то бок пагардлівыя або іранічныя нефармальныя назвы народаў, субэтнасаў і рас. Да іх адносяцца такія словы як бульбаш (для беларусаў), хахол (для ўкраінцаў), кацап (для рускіх), тэронэ (для паўднёвых італьянцаў), піндос (для амерыканцаў).
Меліярацыя правіць
Меліярацыяй пеяратываў у мовазнаўстве называюць працэс страты негатыўных канатацый слова і пераасэнсаванне яго як нейтральнага ці нават станоўчага[1]. Так, напрыклад, англійскае слова панк, якое першапачаткова выкарыстоўвалася як лаянкавае (састарэлае значэнне — «прастытутка», пазней — «хуліган», у паўночнаамерыканскіх дыялектах таксама «слабак» ці «дзівак»), стала нейтральным пазначэннем субкультуры і музычнага жанру.
Зноскі
- ↑ Croom, Adam M. (May 2011). "Slurs". Language Sciences. Elsevier. 33 (3): 343–358. Архівавана 13 сакавіка 2019. (англ.)