Прыкаморкі — мытні на адгалінаваннях ад асноўных гандлёвых шляхоў (гасцінцаў) у ХѴІ-ХѴІІІ стст. У прыкаморкі ацэньвалі тавары і бралі з купцоў мыта. Падпарадкоўваліся адміністрацыі каморы[1].

Дзвінскі водны шлях правіць

На дзвінскім водным шляху найбольш важнымі былі прыкаморкі ў Дынабургу і Дзісне, якія актыўна функцыянавалі летам і разгружалі асноўныя каморы ў Полацку і Рызе. Дзеля таго, каб гандляры не абышлі мытні па дробных рэчках, мыта з купцоў, якія ішлі ці вярталіся з Рыгі, збіралася на сутоках з Дзвіной і яе прытоках: у Друі, Сар’і, Дрысе і Дзісне[2].

У XVI ст. Друя была вядучым прыкаморкам для тавару, які ўвозіўся ў ВКЛ, але з уваходжаннем Інфлянтаў у склад Рэчы Паспалітай і адбудовай Дынабургу ў 1582 годзе апошні перахапіў статус галоўнага мытнага пункту на выхадзе з Лівоніі ў ВКЛ, і рэестр 1616 года ні разу не ўзгадвае аб мытні ў Друі[2].

Паводле подпісу 1552 года, там бралося мыта з кожнага струга грашыма (4 грошы з бочкі селядцоў «на караля», 10 грошай са струга «на ваяводу полацкага») ці натурай (напрыклад, па два селядцы «на ваяводу полацкага», ці часткамі тавара: кружкоў воска, соллю, скурамі, металам і іншым). Вышэй па плыні мытныя прыкаморкі на Дзвіне існавалі ў Суражы, Віцебску, а ніжэй — у Кокенгаўзе, Крыжборгу (Крэйцбургу), Дынамюндзе, дзе купцы плацілі «замкавае», «старое», а ў часы войнаў 16001629 гг. — «дадатковае» і «новае падвышанае» мыта. Разам з тым каморнікі маглі даць гандляру права безмытнага правозу тавара[2].

Зноскі

  1. Прыкаморкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  2. а б в В. У. Якубаў. ДЗВІНСКІ ГАНДЛЬ І ЯГО ПАДАТКААБКЛАДАННЕ Ў ПАЧАТКУ XVII СТАГОДДЗЯ Архівавана 2 снежня 2020.

Літаратура правіць