Прыроднае раянаванне
Прыро́днае раянава́нне — сістэма тэрытарыяльнага падзелу, заснаваная на выяўленні прыродных рэгіёнаў, якія валодаюць унутраным адзінствам і своеасаблівымі індывідуальнымі рысамі прыроды. Дае прыродазнаўча-навуковую аснову для планавання шматлікіх галінаў дзейнасці чалавека, у тым ліку ў сферы народнай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя.
Вылучаюць прыродныя раёны па асобных прыкметах (клімат, рэльеф, глебы і іншае) або па іх комплексу (ландшафтнае, фізіка-геаграфічнае).
Дэталёвасць раянавання залежыць ад вывучанасці адпаведнай тэрыторыі альбо таго ці іншага яе элементу. Розная трактоўка адных і тых жа даных або іх недастатковасць прыводзіць часам да суіснавання некалькіх несупадаючых схем прыроднага раянавання адной і той жа тэрыторыі.
Для тэрыторыі Беларусі распрацаваныя: агракліматычнае, геамарфалагічнае, геахімічнае, гідрагеалагічнае, гідралагічнае, глебава-геаграфічнае, зоагеаграфічнае, ландшафтнае, фізіка-геаграфічнае раянаванні.
Літаратура правіць
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз., С. 285
- Прыроднае раянаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 81