Пуэ́льчэ (ісп.: Puelche, ад мапудунгун pwelche «усходняга роду»; саманазва Gününa küne) індзейскі народ, які ў мінулым насяляў паўночную Патагонію.

Пуэльчэ
(Gününa küne)
Малюнак 1860 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Патагонія
Мова пуэльчэ
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы

Далёкія продкі пуэльчэ мігрыравалі на ўсход ад галоўнага Андскага хрыбта з ціхаакіянскага ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. У XVIXVIII стст. яны насялялі землі ўздоўж буйных рэк паўночнай Патагоніі, аднак часам з'яўляліся нават на поўдні Буэнас-Айрэс. Асноўнымі заняткамі былі вандроўнае паляванне на гуанака і нанду, а таксама збіральніцтва. Групы, што жылі на мяжы з пампай, у большай ступені залежалі ад збору пладоў ражковага дрэва. Жытламі з'яўляліся навесы на часовых стаянках.

У XVIII ст. пуэльчэ асвоілі конегадоўлю, што значна змяніла іх лад жыцця. Яны аб'ядноўваліся ў конныя атрады да 100 — 120 чалавек, рабілі напады на суседнія народы і іспанскія жывёлагадоўчыя гаспадаркі. Фактарамі, якія садзейнічалі заняпаду гэтага народа, сталі міжусобіцы, рэзкае скарачэнне дзікай жывёлы ў выніку неашчадных забойстваў, эпідэміі і экспансія з захаду мапучэ.

У XIX ст. тэрыторыі пуэльчэ былі падзелены паміж Аргенцінай і Чылі, што суправаджалася ваеннымі дзеяннямі супраць тубыльцаў. У выніку выжылыя паступова асіміляваліся сярод еўрапейскіх пасяленцаў і мапучэ. Лічыцца, што апошні пуэльчэ памёр у 1938 г. Аднак пасля II Сусветнай вайны навукоўцы працягвалі збіраць узоры мовы пуэльчэ і нават склалі яе слоўнік.

Спасылкі правіць