Стабурагс
Стабурагс (лат.: Staburags, таксама вядомы як Стабурадзэ) — колішні 18-метровы ўцёс, што размяшчаўся ў Латвіі на левым беразе Дзвіны. З ніжняй часткі скалы сцякала мноства крыніц, што надавала Стабурагсу агульныя рысы з вадаспадамі. Шмат стагоддзяў Стабурагс ушаноўваўся мясцовымі жыхарамі.
У 1966 годзе ўцёс быў затоплены падчас будаўніцтва Плавінскай гідраэлектрастанцыі. У парку Вігантэ побач з месцам, дзе была святыня, знаходзяцца дрэвы, пасаджаныя кіраўнікамі і вядомымі асобамі Латвіі, і эстрада. Таксама тут у 2003 годзе быў створаны памятны знак «Божае вуха» (лат.: Dieva auss)[1].
Легенда правіць
У латышскай народнай творчасці налічваецца 82 версіі легенд пра паходжанне Стабурагса. Паводле найбольш распаўсюджаных, у гэтых мясцінах некалі жыла дзяўчына, муж якой быў рыбаком. Аднойчы яна, як заўжды, чакала каханага, стоячы на высокім беразе Дзвіны. Але ў тую ноч на рацэ адбылася моцная бура, і хлопец патануў. Дзяўчына, убачыўшы гэта, пачала плакаць і неўзабаве скамянела, ператварыўшыся ў скалу, але яе слёзы цякуць і дагэтуль[2].
Знішчэнне правіць
У 1947 годзе савецкі інстытут «Гідраэнергапраект» падрыхтаваў комплексную праграму пабудовы сеткі вадасховішчаў і ГЭС у ніжнім цячэнні Дзвіны. Побач са Стабурагсам павінны былі ўзнікнуць два вадасховішчы — пры Мэмэньскай ГЭС з узроўнем вады 16 метраў і пры Плавіньскай з узроўнем вады 24 метры. Гэты варыянт не ўяўляў небяспекі для Стабурагса. Але ў 1955 годзе быў прыняты новы праект, паводле якога ўзровень вады ў вадасховішчы каля Плавіньскай ГЭС павінен быў быць павышаны на 40 метраў. Гэта выклікала вялікі смутак у народзе, і падчас будаўніцтва ГЭС у 1961—1965 гадах амаль кожная латышская сям’я паспела прыехаць на развітанне са Стабурагсам[3]. Скала пайшла пад ваду ў снежні 1966 года. Пад вадой апынулася і скульптура «Дайна», якую неўзабаве ўсё ж выцягнулі з вады і перавезлі ў Сігулду.
У наш час вяршыня Стабурагса знаходзіцца на глыбіні больш за дваццаць метраў. Падчас паніжэнняў узроўню вады яна можа часова паказвацца на паверхні.
-
Бераг Дзвіны ў парку Вігантэ
-
Сходы да месца затаплення скалы
-
Памятны знак „Божае вуха”
-
Стабурагс на гравюры Вільгельма Штавенхагена, 1866
У культуры правіць
У 1820 годзе лютэранскі святар Стэндэрс запісаў ад 103-гадовай жанчыны 11 народных песень пра Стабурагс. У 1846 годзе гэта натхніла прафесара ўніверсітэта ў Тарту Крузэ выдаць кнігу латышскай і нямецкай мовамі. У 1850 годзе ў Елгаве пабачыла свет нямецкамоўная брашура «Der Stabburags»[4]. У 1869 годзе Фрыдрых Мальберг напісаў паэму «Стабурагс і Лесма». У 1871 годзе ў часопісе «Балтыйскі веснік» з’явілася эсэ Карла Зарыньша «Стабурадзэ ў Курляндыі». У 1875 годзе Аўкселіс выдае паэтычны збор «Стабурадзэ». У 1895 годзе Валдэмарс Залітыс піша кнігу «Staburaga bērni» («Дзеці Стабурагса»). У 1939 годзе Александрас Брыедыс стварыў скульптуру «Дайна», што ўвасабляла латышскую народную песню, якая была ўсталявана каля Ліпавай крыніцы.
Зноскі
- ↑ Staburaga piemiņas zīme «Dieva auss»
- ↑ Ilze Mežniece. Vietu simbolika Daugavas krastos. Latvijas Kultūras akadēmijas bakalaura darbs.
- ↑ Egīls Zirnis. Staburaga bērni
- ↑ J.Ch. Stender. Monographie. Zum besten der Selburgschen Orgel. Mitau, J.F.Steffenhagen und Sohn, 1850.
Спасылкі правіць
- Słupi-róg // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. — S. 859.