Цэнтралізаванае тэсціраванне

Цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) — уступны экзамен, арганізаваны на аснове педагагічных тэстаў, стандартызаваных працэдур правядзення тэставага кантролю, апрацоўкі, аналізу і выдачы вынікаў, які выкарыстоўваецца для правядзення конкурсу пры паступленні ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У Рэспубліцы Беларусь правядзеннем ЦТ займаецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ).

Беларусь правіць

7 лютага 2006 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 80 «Аб правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі» (ССА), якім абавязаў абітурыентаў падаваць у прыёмную камісію ВНУ і ўстановы ССА «арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму»[1].

У 2011 г. цэнтралізаванне тэсціраванне па беларускай мове здалі звыш 53 тыс. чалавек (36 %), па рускай мове — 96 тысяч (64 %). На беларускай мове здалі ЦТ па: біялогіі — 7,2 % абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на гэтую дысцыпліну; геаграфіі — 5,2 %; гісторыі Беларусі — 33 %; грамадазнаўстве — 2,5 %; матэматыцы — 6,2 %; сусветнай гісторыі — 8,7 %; фізіцы — 5,6 %; хіміі — 5,5 %[2]. У 2012 г., як і годам раней, плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (рэгістрацыйны ўнёсак) складала 10 000 рублёў ($1,2) за кожны прадмет[3].

Прадметы правіць

На 2016 год цэнтралізаванае тэсціраванне праводзілася па 14 прадметах: беларуская мова, біялогія, геаграфія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, замежныя мовы: (англійская, нямецкая, французская, іспанская), матэматыка, руская мова, сусветная гісторыя найноўшага часу, фізіка, хімія.

Правядзенне правіць

6 чэрвеня 2006 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 714 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання». Паводле 8-га артыкула Пастановы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацвярджае: 1) «графік правядзення і час пачатку цэнтралізаванага тэсціравання, пералік устаноў адукацыі, вызначаных пунктамі правядзення тэсціравання, у тым ліку пунктамі рэгістрацыі»; 2) «час працы пунктаў рэгістрацыі»; 3) «методыку падліку тэставых балаў». Паводле 9-га артыкула, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў: 1) «распрацоўвае кадыфікатары і спецыфікацыі педагагічных тэстаў»; 2) «утварае банк тэставых заданняў»; 3) «вызначае колькасць варыянтаў педагагічных тэстаў па кожным прадмеце і ўтварае іх для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання»; 4) «апрацоўвае запоўненыя абітурыентамі бланкі адказаў, афармляе пратаколы вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, падае сертыфікаты ВНУ-каардынатарам». Паводле 10-га арт., ВНУ-каардынатары ў рэгіёне: 1) «падаюць у РІКВ штогод да 1 мая пералікі аўдыторый пунктаў правядзення тэсціравання з указаннем чарговасці іх выкарыстання і колькасці месцаў для абітурыентаў»; 2) «перадаюць у РІКВ ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі на экзаменацыйныя матэрыялы». Паводле 11-га арт., установы адукацыі, вызначаныя ў якасці пунктаў правядзення тэсціравання: 1) «штогод да 1 лютага ўносяць у РІКВ прапановы па складзе арганізацыйных камісій»; 2) «арганізуюць пункты рэгістрацыі, забяспечваюць іх працу, а таксама тэхнічнае абсталяванне арганізацыйных камісій (памяшканні, камп’ютары з патрэбным праграмным забеспячэннем, прынтары, сейф (металічная скрыня), расходныя матэрыялы)»; 3) «забяспечваюць выдачу сертыфікатаў абітурыентам»[4].

Паводле 15-га артыкула Пастановы № 714: «Абітурыент мае права зарэгістравацца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні не больш чым па трох прадметах». Паводле 28-га артыкула, колькасць арганізатараў у пункце правядзення тэсціравання мае складаць «для кожнай аўдыторыі — прынамсі 3 арганізатары (уключна з адказным арганізатарам); каля ўваходу ў пункт правядзення тэсціравання — прынамсі 3 арганізатары». Паводле 32-га арт.: «Экзаменацыйныя матэрыялы перадаюцца з РІКВ у пункты правядзення тэсціравання напярэдадні (або ў дзень) правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і адпраўляюцца назад у дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання». Паводле 40-га арт.: «Вобласць адказаў складаецца з двух частак: частка „А“ — для адказаў на тэставыя заданні з выбарам адказу з прапанаваных варыянтаў адказаў; частка „В“ — для кароткіх адказаў на тэставыя заданні без выбару адказу». Паводле 41-га арт. у частцы «А» «можна скасаваць не больш за 6 памылковых пазнак». Паводле 42-га арт. у частцы «В»: «Скасаваць можна не больш за 2 памылковыя адказы». Паводле 48-га арт.: «Абітурыенты абавязваюцца прыбыць у пункт правядзення тэсціравання не пазней за 30 хвілін да пачатку цэнтралізаванага тэставання і мець пры сабе: запоўнены і зарэгістраваны пропуск на прадмет, па якім праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне; пасведчанне асобы; ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру». Паводле 62-га арт.: «Адказны арганізатар апавяшчае абітурыентаў за 15 і 5 хвілін аб заканчэнні часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэсту». Паводле 79-га арт.: «Экзаменацыйныя матэрыялы захоўваюцца ў РІКВ да канца бягучага каляндарнага года. Электронныя выявы запоўненых абітурыентамі бланкаў адказаў захоўваюцца цягам 75 гадоў у РІКВ»[4].

Гісторыя правіць

Улетку 2013 года каля 36 % (40 682) удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання не пераадолелі ніжні парог бала для атрымання вышэйшай адукацыі[5].

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. А.Лукашэнка (28 жніўня 2015). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80" [руская]. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 14 жніўня 2016.
  2. Надзея Нікалаева. Родная мова вяртаецца ў беларускія школы // Звязда : газета. — 21 сакавіка 2012. — № 53 (27168). — С. 1. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  3. Надзея Нікалаева. Рэгістрацыя на ЦТ будзе весціся па прынцыпе «аднаго акна» // Звязда : газета. — 28 красавіка 2012. — № 82 (27197). — С. 3. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  4. а б Сяргей Сідорскі (9 красавіка 2016). "Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714" [руская]. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 14 жніўня 2016.
  5. Надзея Нікалаева. Задачка для Міністэрства адукацыі // Звязда. — 13 сакавіка 2014. — № 46 (27656). — С. 3.

Спасылкі правіць