Эканоміка Чарнагорыі

Чарнагорыя класіфікуецца Сусветным банкам як краіна з прыбыткам, вышэйшым за сярэдні. Грашовая адзінка — еўра, пры гэтым Чарнагорыя не з'яўляецца часткай еўразоны. Асноўныя віды эканамічнай дзейнасці: турызм, прамысловасць (металургія, электратэхнічная, харчовая), сельская гаспадарка.

Нацыянальны банк Чарнагорыі ў Падгорыцы

Агульная характарыстыка правіць

Эканоміка Чарнагорыі практычна завяршыла пераход на рынкавыя рэйкі. Значная частка ВУП (77 % у 2016) ствараецца ў сферы паслуг, перадусім, у галіне турызму.[1] ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ Чарнагорыі, някепска развітай па балканскіх мерках, у 2017 складаў усяго 47 % ад сярэдняга па ЕС.[2] Чарнагорыя ў аднабаковым парадку выкарыстоўвае еўра ў якасці грашовай адзінкі. Цэнтральны банк Чарнагорыі не ўваходзіць у агульнаеўрапейскую сістэму, таму не можа эмітаваць еўра, і ў абароце толькі тыя банкноты, што паступаюць з-за мяжы (у тым ліку з турыстамі). Эканоміка Чарнагорыі моцна залежыць ад прамых замежных інвестыцый (інвестыцыйнай прывабнасці краіны спрыяе наяўнасць кваліфікаванай і адносна таннай рабочай сілы), таму ўразлівая да знешніх штуршкоў. Да слабых бакоў эканомікі таксама адносяцца высокі ўзровень карупцыі, бедная сыравінная база, эміграцыя маладога працаздольнага насельніцтва.

Прамысловасць правіць

 
Гавань горада Бар — цэнтра суднабудавання і найбуйнейшага порта Чарнагорыі

У прамысловасці ствараецца 16 % ВУП. Здабываюцца руды металаў. Энергетыка на дзве траціны гідраўлічная, 23 % прыпадае на ЦЭС і 10 % — на альтэрнатыўныя крыніцы;[3] новыя ГЭС не будуюцца праз экалагічныя прыярытэты дзяржавы. Развіта апрацоўчая прамысловасць, геаграфія якой склалася за сацыялістычным часам, у тым ліку металургія (чорная з цэнтрам у Нікшычы і каляровая — выплаўка алюмінію — у Падгорыцы); машынабудаванне (электратэхнічна вытворчасць у Цэтыне, суднабудаванне і суднарамонт у Б’еле і Бары); тэкстыльная ў Біела-Полі; дрэваапрацоўка, перапрацоўка тытуню.

Сельская гаспадарка правіць

Сельская гаспадарка складае 7,5 % ВУП. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі з'яўляюцца збожжавыя, бульба, тытунь, вінаград, цытрусавыя, масліны і інжыр.

Сфера паслуг правіць

Турызм правіць

 
Выспа Свеці-Стэфан з пяцізоркавым гатэлем — адзін з самых знакамітых курортаў Будванскай Рыўеры

Значную ролю ў эканоміцы краіны адыгрывае турызм. Штогод Чарнагорыю наведвае каля 1,5 млн чалавек (на сярэдзіну 2010-х).[4] Вельмі папулярныя міжнародныя курорты ў гарадах Херцаг-Нові, Будва, Бечычы, Петравац, а таксама гістарычныя і прыродныя славутасці — горад Котар на беразе Котарскага заліва, былая сталіца Цэтынэ, Скадарскае возера, гара Лоўчэн, высакагорны кляштар Астрог, каньён ракі Тара (самы вялікі ў Еўропе: яго глыбіня дасягае 1300 м), нацыянальны парк Дурмітар і яго горналыжны курорт Жабляк (1465 метраў над узроўнем мора, гэта самы высакагорны горад на Балканах).

Транспарт і сувязь правіць

 
Сучасны электрацягнік на вакзале ў Нікшычы, 2013

Праз Чарнагорыю ідуць еўрапейскія магістралі E65 і E80. Аўтамабільныя дарогі, нягледзячы на значную гушчыню сеткі, не адпавядаюць еўрапейскім стандартам. Міжгароднія аўтобусныя перавозкі з-за састарэласці транспарту і гарыстага рэльефу краіны часта здзяйсняюцца не па раскладзе. Гарадскі транспарт у Чарнагорыі развіты слаба. Чыгуначны транспарт развіты яшчэ горш, але можна адзначыць пазітыўныя зрухі. Акрамя міжнароднай чыгункі Белград — Бар, маецца ўнутраная Нікшыч – Падгорыца, якая ў першыя постсацыялістычныя дзесяцігоддзі выкарыстоўвалася толькі для перавозкі грузаў, але была мадэрнізавана і электрыфікавана, і з 2012 перавозіць таксама пасажыраў. Чыгунка Падгорыца – Шкодэр, што звязвае Чарнагорыю з Албаніяй, не працуе. У краіне функцыянуюць два міжнародныя аэрапорты. Аэрапорт Падгорыца арыентаваны ў асноўным на рэгулярныя рэйсы, а Ціват — на чартарныя. Нацыянальны авіяперавозчык Чарнагорыі — Montenegro Airlines — ажыццяўляе рэйсы ў гарады Еўропы. Знешні гандаль у значнай ступені абслугоўваецца марскім транспартам. Бар — галоўны порт Чарнагорыі, — разлічаны на 5 млн тон грузаабароту, пасля распадаў Югаславіі (Вялікай, 1992 і Малой, 2006) недазагружаны.

Знешні гандаль правіць

У знешнім гандлі экспарт паслуг (турызм, транспартныя і ІТ-паслугі) пераважае над экспартам тавараў (суадносіны 75 на 25 %). Асноўнымі артыкуламі таварнага экспарту з'яўляюцца баксіты, цынкавыя і свінцовыя руды, гліназём, віно. Імпартуюцца прадукты харчавання, медыкаменты, нафтапрадукты, аўтамабілі і электроніка. Асноўны гандлёвы партнёр — Сербія (30 % імпарту і 12 % экспарту), за ёй ідуць Італія, Кітай, Боснія і Герцагавіна.[5] Штогадовы гандлёвы абарот паміж Чарнагорыяй і Беларуссю складае каля паўмільёна даляраў.

Зноскі