Экспедыцыя Льюіса і Кларка

Экспедыцыя Льюіса і Кларка (май 1804 г. — верасень 1806 г.) — першая амерыканская экспедыцыя праз тэрыторыю Паўночнай Амерыкі ад Сент-Луіса да ціхаакіянскага ўзбярэжжа. На чале экспедыцыі былі капітан Мэрыўэтэр Льюіс і лейтэнант Уільям Кларк. Адметную ролю ў экспедыцыі адыграла шашонская правадыр Сакаджавея.

М. Льюіс, У. Кларк і Сакаджавея

Падрыхтоўка правіць

Ідэя экспедыцыі для навуковага вывучэння ўнутраных раёнаў Паўночнай Амерыкі належала асветніку і трэцяму прэзідэнту ЗША Томасу Джэферсану. Ён прадвызначыў маршрут праз Апалачы і даліну Місісіпі. Вялікае ўздзеянне на яго аказаў апублікаваны ў 1802 г. рапарт Аляксандра Мак-Кензі пра вандроўку праз тэрыторыю Канады. Т. Джэферсан упэўніваў прадстаўнікоў Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі ў тым, што даследаванне ўнутраных раёнаў будзе мець толькі навуковы характар.

У студзені 1803 г. Т. Джэферсан атрымаў згоду кангрэса на вылучэнне для арганізацыі экспедыцыі 2500 долараў. У якасці верхавода экспедыцыі ён абраў свайго асабістага сакратара М. Льюіса. Той, у сваю чаргу, прызначыў другім кіраўніком У. Кларка. Падрыхтоўка ўключала перагаворы з Парыжскай акадэміяй навук, падбор чальцоў экспедыцыі, фарміраванне з іх ліку 5 атрадаў. Планы некалькі разоў перагляддаліся з-за куплі Луізіяны і падбору маршрута.

У снежні 1803 г. чальцы экспедыцыі спыніліся каля Сент-Луіса, дзе М. Льюіс і У. Кларк некалькі тыдняў збіралі сярод гандляроў інфармацыю пра ўнутраныя раёны, склалі або набылі карту мясцовасці.

Шлях да Ціхага акіяна правіць

14 мая 1804 г. экспедыцыя рушыла ўздоўж ракі Місуры праз землі мандан на 3 суднах. Паколькі гэтыя тэрыторыі былі фармальна толькі падначалены ЗША, чальцы імкнуліся залагоджваць індзейцаў падарункамі і звычайна сустракалі добры прыём. Толькі ў верасні 1804 г. экспедыцыя атрымала першую перашкоду з боку раўнінных сіў, якія заблакавалі праход па рацэ. Аднак да адкрытай ваеннай сутычкі не дайшло.

У пачатку лістапада 1804 г. экспедыцыя спынілася на зімоўку ў 1600 мілях ад Сент-Луіса каля вёскі мандан, пабудавала ўмацаванне, названае Мандан, вяла збор інфармацыі сярод мандан і хідаца. У якасці перакладчыка быў залічаны шашон Тусен Шарбано разам з яго жонкай Сакаджавеяй і малым сынам Жанам-Батыстам.

7 красавіка 1805 г. экспедыцыя рушыла далей праз землі сучасных штатаў Паўночная Дакота і Мантана. На працягу болей за 1000 міль ёй не сустракаліся чалавечыя паселішчы. Чальцы экспедыцыі даследавалі прытокі і вадаспад Місуры, апісалі флору і фаўну Вялікіх раўнін.

12 жніўня 1805 г. экспедыцыя пачала ўздым на Скалістыя горы. Сакаджавея, якая памятала гэтыя мясціны з дзяцінства, стала галоўным правадыром. У гарах упершыню пасля ўмацавання Мандан сустрэліся людзі. Гэта былі шашоны на чале брата Сакаджавеі. Шашоны аказалі дапамогу на шляху да ракі Калумбія і ў пабудове плытоў. Аднак яны адмовіліся суправаджаць амерыканцаў у ніжнюю плыню ракі з-за варожасці мясцовых індзейцаў. Сплаў па Калумбіі быў складаным з-за парогаў і непаразумення з тубыльцамі—чынук, якія адмаўляліся гандляваць, але пры магчымасці кралі маёмасць экспедыцыі.

18 лістапада 1805 г. экспедыцыя Льюіса і Кларка дасягнула Ціхага акіяна. Чальцы вырашылі перазімаваць на паўднёвым беразе ракі Калумбія, дзе пабудавалі ўмацаванне Клэтсап.

Зваротны шлях правіць

Пасля зімоўкі 1805 — 1806 гг., пад час якой чальцы экспедыцыі палявалі для забеспячэння ежай, збіралі інфармацыю пра прыроду і мясцовае насельніцтва, 23 сакавіка яны рушылі ў зваротны шлях. Пры гэтым насуперак правілам, прынятым раней, было скрадзена каноэ тубыльцаў. Вандроўка ў верхнюю плыню Калумбіі была нават цяжэйшай за сплаў. Каб паскорыць шлях, М. Льюіс абмяняў частку экспедыцыйнай маёмасці на канёў. З-за заснежаных перавалаў экспедыцыя правяла каля месяца каля Скалістых гор і толькі ў чэрвені зноў апынулася на Вялікіх раўнінах.

Далей экспедыцыя падзялілася. Група на чале У. Кларка і Сакаджавеі даследавала рэчышча Елаўстан. Падчас даследавання прадстаўнікі кроу скралі канёў. Другая група на чале М. Льюіса шукала вусце ракі Марыяс, дзе адбыўся адзіны падчас экспедыцыі ўзброены канфлікт з пеганамі. Групы зноў злучыліся каля вусця Елаўстан і разам рушылі ўніз па Місуры. 14 жніўня яны апынуліся сярод мандан. Тут Тусен Шарбано і Сакаджавея пакінулі экспедыцыю.

23 верасня 1806 г. экспедыцыя Льюіса і Кларка вярнулася ў Сент-Луіс.

Значэнне правіць

Экспедыцыйныя справаздачы ўтрымліваюць амаль мільён слоў, у тым ліку апісанні геаграфіі, прыроды і абарыгенаў унутраных раёнаў і заходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Яе чальцы адкрылі 122 віды новых раслін і жывёл. Даследаванне рэчышча Місуры дазволіла гандлярам з Сент-Луіса пашырыць свой уплыў на захадзе. Да 1807 г. яны пабудавалі ўмацаванне на рацэ Елаўстан.

Спасылкі правіць