Эрлітоу (культура)

Культура Эрлітоу (кіт.: 二里頭文化) — археалагічная культура бронзавага веку на поўначы Кітая ў рэчышчы Хуанхэ. У кітайскай гістарыяграфіі атаесамляецца з дынастыяй Ся. Найбольш пашыраная перыядызацыя: 1900 да н.э. — 1500 да н.э. У 2007 г. была прапанавана перыядызацыя 1750 г. да н.э. — 1530 да н.э.

Эрлітоу
Бронзавы век
Шэрая кераміка
Геаграфічны рэгіён Усходняя Азія
Лакалізацыя паўночны Кітай
Датаванне 1900 да н.э. — 1500 да н.э.
Носьбіты кітайцы
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Пераемнасць
Луншань Эрліганг
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вывучэнне правіць

Культура Эрлітоу атрымала сваю назву па найменню помніка, адкрытага ў 1959 г. у правінцыі Хэнань. У ім былі знойдзены рэшткі двух палацаў, жылы квартал, ганчарныя і бронзавыя майстэрні, печы і магільні. З самога пачатку раскопак помнік Эрлітоу атаесамляўся са сталіцай дынастыі Ся. У нашы дні прынята лічыць, што ён адносіцца да позняга перыяда Ся або адначасова да Ся і ранняй дынастыі Шан.

У 2019 г. у Лаяне быў адчынены музей Эрлітоу.

Храналогія правіць

Храналогія развіцця культуры Эрлітоу распрацавана на аснове храналогіі помніка Эрлітоу. Прынята вылучаць некалькі перыядаў яго існавання:

  • Ранні (1900 г. да н. э. — 1800 г. да н. э.): памяншэнне колькасці паселішчаў у параўнанні з эпохай Луншань і адначасова іх узбуйненне (да 100 га)
  • Урбанізацыя (1800 г. да н. э. — 1700 г. да н. э.): пашырэнне помніка Эрлітоу да 300 га, узнікненне палацаў
  • Росквіт (1700 г. да н. э. — 1600 г. да н. э.): узнікненне умацаванняў, будаўніцтва вялікіх палацаў, насельніцтва можа дасягаць 24 000 чалавек
  • Заняпад (1600 г. да н. э. — 1500 г. да н. э.): памяншэнне колькасці насельніцтва, у 6 км ад Эрлітоу будуецца крэпасць

Апошні перыяд супадае з пачаткам існавання культуры Эрліганг.

Асаблівасці правіць

Галоўным заняткам насельніцтва была сельская гаспадарка. Вырошчвалі звычайнае проса, бабовыя, каля 1600 г. да н. э. сталі вырошчваць пшаніцу. Большасць жывёльных рэштак належаць свойскім каровам, свінням, авечкам. Косткі дзікіх аленяў трапляюцца значна радзей.

Для культуры Эрлітоу характэрны ўрбанізацыя і змена структуры паселішчаў у параўнанні з Луншань. Мяркуецца, што змены паказваюць на ўзнікненне цэнтралізаванага палітычнага і эканамічнага кантролю. Адзін вялікі гарадскі цэнтр дамінаваў над меншымі цэнтрамі і вёскамі ў вельмі шырокім рэгіёне. Стылі керамікі сталі болей аднастайнымі, што сведчыць пра ўзмацненне рамеснай спецыялізацыі і стандартызацыі вытворчасці.

Пра сацыяльнае распластаванне грамадства кажа тое, што ў дапаўненне да нефрыту, які з’яўляўся традыцыйным сродкам высокага сацыяльнага становішча з часоў неаліту, статуснымі сімваламі сталі вырабы з бронзы, пераважна зброя і рытуальныя пасудзіны. Вытворчасць бронзы базіравалася ў сталіцы. Яна магла стаць галіной, кантралюемай дзяржавай. У пахавальным інвентары з’явіліся такія прадметы раскошы, як ракавіны малюскаў з Індыйскага акіяну, бронзавыя падвескі, артэфакты з дэкарацыямі, болей характэрнымі для Сярэдняй Азіі, што дэманструе абмен на далёкія дыстанцыі.

Спасылкі правіць