«Tygodnik Petersburski» (бел.: Штотыднёвік Пецярбургскі) — палітычна-літаратурнае выданне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830—1858 гадах пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і Францішка Малеўскага.

Tygodnik Petersburski
Тып штотыднёвік
Рэдактар Францішак Геранім Малеўскі (1830—1835)
Юзаф Эмануэль Працлаўскі
Заснавана 1830
Спыненне публікацый 1858
Мова польская
Галоўны офіс

Дазвол на выданне газеты атрымаў Мікалай Маліноўскі, аднак сам выдаваць газету не здолеў і перадаў справу Юзафу Працлаўскаму. На старонках газеты асуджалася Лістападаўскае паўстанне, і ў выніку ўжо ў 1832 «Tygodnik Petersburski» стаў афіцыйнай урадавай газетай Царства Польскага і пачаў выходзіць двойчы на тыдзень (у серады і пятніцы)[1].

З 1841 года — орган г. зв. «пецярбургскай катарыі»  (польск.) — прымірэнчай, праца́рскай, кансерватыўнай і артадаксальна каталіцкай групы пісьменнікаў (Казімір Буйніцкі, Ігнацы Галавінскі, Міхал Грабоўскі, Генрык Ржавускі, Аляксандр Пшаздзецкі, Юзаф Працлаўскі, Станіслаў Халанеўскі, Людвік Штырмер). Пэўны час супрацоўнікам «Тыднёвіка Пецярбургскага» з’яўляўся і Юзаф Крашэўскі. Уплыў катарыі быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадскае жыццё выказваўся толькі ў непадцэнзурных выданнях. Аднак пасля выхаду двухтомніка «Mieszaniny obyczajowe» Генрыка Ржавускага ўзнялася вялікая хваля крытыкі, якую падтрымаў нават Юзаф Крашэўскі. Неўзабаве, аднак, і ён трапіў пад агонь крытыкі маладых літаратараў, якія заснавалі ў Кіеве альманах «Gwiazda», і гэта вярнула яго ў стан «Тыднёвіка Пецярбургскага».

Выданне змагалася з прагрэсіўнымі плынямі філасофскай думкі, выступала супраць дэмакратычных рамантычных тэндэнцый у сучаснай польскай літаратуры. Яго мэтай была прапаганда польскай нацыянальнай літаратуры, асабліва гістарычных раманаў вальтэрскотаўскага тыпу[2], апалагетных адносна шляхецкага мінулага. Згадкі пра культуру, мову мясцовага люду калі і траплялі ў артыкулы, дык толькі ў кантэксце выкарыстання на карысць польскай літаратуры ці культуры[1]. Пасля падзей 1848 года «Tygodnik» страціў папулярнасць.

Зноскі

  1. а б Мікола Хаўстовіч.. Беларуская літаратура 30-40-х гг. XIX ст.. Кафедра гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта (3 сакавіка 2012).
  2. «Tygodnik Petersburski» (польск.). Interia.PL Sp. z o.o. (27 лютага 2012).

Спасылкі правіць