І́нклінгі (англ.: The Inklings, The Inkling Club) — літаратурны клуб, першапачаткова заснаваны ў Оксфардзе ў 1931 годзе студэнтам Тэнджы Лінам. Сам Лін, скончыўшы каледж, пакінуў клуб. Праз некаторы час назва «Інклінгі» замацавалася за невялікай суполкай пісьменнікаў, многія з якіх выкладалі ў Оксфардзе.

Паб «The Eagle and Child» у Оксфардзе, дзе пачынаючы з 1939 года сустракаліся Інклінгі

Вядомасць Інклінгі набылі дзякуючы таму, што доўгі час сябрамі клуба былі пісьменнікі Джон Толкін і Клайв Льюіс. У 1939 годзе да іх далучыўся яшчэ адзін вядомы пісьменнік — Чарлз Уільямс. Акрамя таго, у клуб уваходзілі Оўэн Барфілд, Х'юга Дайсан і іншыя. Трэба адзначыць, што ў клубе ніколі не было фармальнага спісу ўдзельнікаў, і фактычна ён заставаўся проста колам сяброў, якія сістэматычна збіраліся разам.

Інклінгі сустракаліся па аўторках у пабе «Арол і дзіця», а па чацвяргах ладзіліся літаратурныя чытанні ў Льюіса, дзе сябры клуба знаёмілі адзін другога з тым, над чым яны працавалі. У прыватнасці, у клубе чыталіся «Уладар Пярсцёнкаў» Толкіна і «Хронікі Нарніі» Льюіса.

Фактычным лідарам клуба быў Льюіс, і пасля яго пераезду ў 1954 годзе ў Кембрыдж клуб пачаў збірацца радзей, а пасля смерці Льюіса цалкам спыніў сваё існаванне.

Гісторыі клуба і жыццю яго сяброў прысвечаная кніга Хэмфры Карпентэра «Інклінгі» (1979).