Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх (Сноў): Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: 'Палац, пабудаваны ў 1827 г. па праекце дойліда Б. Тычэцкага, размешчаны на адкрытым месцы ў з...'
(Няма розніцы)

Версія ад 12:53, 15 верасня 2012

Палац, пабудаваны ў 1827 г. па праекце дойліда Б. Тычэцкага, размешчаны на адкрытым месцы ў звілістай рэчкі Сноўка. На тэрыторыі сядзібы быў створаны невялікі стаў, які атачаў парк пейзажнага тыпу. Сістэма каналаў утварыла некалькі выспаў мудрагелістай формы, густа зарослых хмызняком і дрэвамі розных парод.

У генеральным плане сядзібы ўжыта сістэма сіметрычна-восевай кампазіцыі, у якой галоўнае месца адведзенае палацу. Працягласць палаца — каля 140 м. Увесь масіў збудавання рассечаны на асобныя выступаючыя і рознавысокія аб’ёмы. Цэнтральная частка палаца і фланкуючыя рызаліты — у два паверха, бакавыя крылы аднапавярховыя.

Галоўны ўваход у палац вылучаны чатырохкалонным порцікам іянічнага ордара. Такі ж порцік, але з меншым выступам ад плоскасці муроў, збудаваны з боку парку. Праходзячы пад порцікамі, наведвальнікі трапляюць у вестыбюлі, злучаныя паміж сабою і асноўнымі памяшканнямі палаца — заламі, гасцінымі, кабінетамі, размешчанымі ў першым паверсе.

Парадная зала ў плане прастакутнай формы, плошча яго перавышае 100 кв. м. Шэсць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасада палаца (па тры на кожны), забяспечваюць вялікую лёгкасць інтэр’еру і адкрываюць перспектыву ў бок парку і мястэчка. З аднаго боку залы ўладкованы алькоў, які займае вялікую частку сцяны. Глыбокі алькоў авальнага абрысу з нішамі для скульптур адгароджаны ад залы чатырма калонамі. Гэтым дасягаецца выразная прастакутная форма плану залы.

Убраньне інтэр’еру залы адрозніваецца сціпласцю. Столі і муры пазбаўленыя дэкарацыі. Толькі верхняя частка муроў залы нясе карніз. Упрыгожваньнем, акрамя алькова, з’яўляецца вялікая кафляная печ, выкананая з вялікім майстэрствам.

У бакавых крылах і ў фланкуючых аб’ёмах палаца месцавлася галоўным чынам жыльлё. Дойлідства крылаў прадстаўленае іянічным ордарам. Пры гэтым левае крыло палаца вырашанае адкрытай галерэяй — каланадай, а правае — каланадай, якая прылягае да фасаднага мура. Пабудова фланкуючых аб’ёмаў вельмі простая: у неглыбокіх і плоскіх нішах размешчаныя вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы муроў — рэльеф расліннага арнаменту.

У дойлідстве палаца нічога лішняга, што б магло надаць яму знарочыстую параднасць. Прапарцыйнасць і вытанчанасць порцікаў з прыгожым малюнкам капітэляў, ажурныя рызаліты з шырокімі трохчастковымі вокнамі на два паверха, сціплыя дэкаратыўныя ўстаўкі ў аркавага завяршэньня вокнаў надаюць фасадам палаца ладнасьць і велічнасьць. Да асаблівасьцяў палаца-сядзібы ў Снове можна аднесці вялікую адкрытасьць кампазіцыі збудаваньня, выразнасьць планавай і аб’ёмнай пабудовы, а таксама строгасьць формаў дойлідства і прастату канструкцыйнага рашэння. У гэтым комплексе яскрава ўвасобленыя рысы класічнага дойлідства.

Крыніца: Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; крыніцы без назваў мусяць мець змест Чантурия В.А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии Мн.: Полымя, 1986.— 240 с: ил.