Рэканструктар (апавяданне)

«Рэканструктар (Аб даследаваннях П. Стэцюка)» (руск.: Реконструктор (Об исследованиях П. Стецюка)) — апавяданне расійскага пісьменніка Віктара Пялевіна, напісанае ў 1990 годзе. За гэтае апавяданне Віктар Пялевін атрымаў літаратурную прэмію «Вялікае Кальцо-90»[1].

Рэканструктар
Жанр апавяданне
Аўтар Віктар Пялевін
Мова арыгінала руская
Дата першай публікацыі 1990

Змест правіць

Апавяданне «Рэканструктар» напісана ў жанры рэцэнзіі на выдуманую кнігу «Памяць вогненных гадоў» П. Стэцюка, якая на падставе рассакрэчаных ваенных архіваў распавядае пра сапраўдную асобу Сталіна (у творы — Іосіфа Андрэевіча Сталіна). «Рэцэнзія» змяшчае вялікую долю іроніі і скепсісу ў адносінах да працы П. Стэцюка. Аўтар адзначае, што гэта кніга малацікавая і нудная, раіць яе не чытаць і ў той жа час кажа, што прачытаць кнігу ўсё-ткі варта[2].

Апавяданне напісана ў псеўданавуковым стылі з выкарыстаннем мноства прыёмаў Уладзіміра Набокава. У цытаты з кнігі П. Стэцюка «рэцэнзент» устаўляе ўласныя заўвагі-кпіны. Гісторыя, якая распавядаецца ў «Рэканструктары», відавочна непраўдападобная, аднак вялікая колькасць дэталяў (дат, прозвішчаў, адрасоў, спасылак на архіўныя дакументы) стварае ілюзію дакладнасці. Пялевін гуляе са сваім чытачом, жадаючым даведацца пра фантастычную тайну. Само жа апавяданне «Рэканструктар» з'яўляецца дэманстрацыяй спосабаў фальсіфікацыі фактаў[2].

У «Памяці вогненных гадоў» П. Стэцюк распавядае пра таямнічую сталёвую трубку, вырабленую на мінскім радыёзаводзе, з-за якой здараецца чарада гратэскавых смерцяў. Далей адбываецца адкрыццё, што замест аднаго Сталіна было цэлых сем яго двайнікоў, якія жылі ў ізаляваным падзямеллі і адтуль кіравалі. Улада ў падзямеллі забяспечвала вырабленая на мінскім радыёзаводзе трубка з атручанымі іголкамі. Прыводзяцца дэталі біяграфій гэтых двайнікоў Сталіна і ўплыў іх п'яных дэбошаў на падзеі ў краіне. Апошнім з падземных кіраўнікоў краіны быў Мікіта Хрушчоў. Аднак яго наземны двайнік перахітрыў сапраўднага Хрушчова і заліў падзямелле бетонам разам з усімі, хто там знаходзіўся[2].

У канцы апавядання змяшчаецца намёк на выдуманасць «Памяці вогненных гадоў», а таксама даецца метафізічная трактоўка ўсёй гэтай гісторыі[2].

Публікацыі правіць

Апавяданне «Рэканструктар» было ўпершыню апублікавана ў 1990 годзе ў чацвёртым нумары часопіса «Навука і рэлігія», а таксама ўвайшло ў склад першага аўтарскага зборніка Пялевіна «Сіні ліхтар» (1991)[3][4].

Зноскі

  1. Олизько Н. С. Паратекст Виктора Пелевина // Вестник Нижневартовского государственного университета. 2010.
  2. а б в г Титаренко Е. А. Гипер- и метатекстовые маркеры в прозе В. Пелевина (на материале ранних рассказов) // Русская филология: Вестник Харьковского национального педагогического университета имени Г. С. Сковороды. — 2016. — № 3 (58)
  3. Пальчик Ю. В. Диссертация на тему «Взаимодействие эпических жанров в прозе Виктора Пелевина». 2003
  4. Виктор Пелевин. Реконструктор // Наука и религия. — 1990. — № 4. — С. 58-59.