Амерыканская карпата-русінская праваслаўная епархія
Амерыканская карпата-русінская праваслаўная епархія (англ.: American Carpatho-Russian Orthodox Diocese, ACROD) — праваслаўная юрысдыкцыя як самакіравальная епархія Канстанцінопальскага патрыярхата ў ЗША.
Узнікненне звязана з эміграцыяй у ЗША грэка-католікаў Прыкарпацця і Закарпацця. Эмігрантаў суправаджалі свяшчэннікі, якія маглі быць жанаты, што выклікала незадаволенасць у каталіцкага епіскапата ЗША. У сувязі з гэтым Ватыкан у 1929 годзе выдае пастанову Cum Data Fuerit, паводле якой новарукапакладзеныя грэка-каталіцкія свяшчэннікі абавязаны былі трымацца цэлібату. У сваю чаргу, гэты крок выклікаў абурэнне карпата-русінскай грамады. Таму 23 лістапада 1937 года ў Пітсбургу (Пенсільванія) прайшоў царкоўны сабор з удзелам прадстаўнікоў 37 прыходаў, які вырашыў разарваць унію з Ватыканам і вярнуцца ў праваслаўе.
З гэтых прыходаў была створана новая епархія, епіскапам якой быў абраны Арэст Чарнок. Ён звярнуўся да Канстанцінопальского патрыярха Веніяміна І з просьбай прыняць епархію ў сваю юрысдыкцыю. Гэта і было зроблена ў 1938 годзе.
Цэнтрам епархіі з’яўляецца Джонстаўн (Пенсільванія), дзе ёсць духоўная семінарыя, кафедральны сабор Хрыста Збавіцеля. Станам на 2011 год у складзе епархіі 75 прыходаў, 3 місіі, якія аб’ядноўваюць больш за 50 тысяч чалавек. У Такседа (штат Нью-Ёрк) ёсць мужчынскі манастыр Дабравешчання, заснаваны ў 1978 годзе.
Епіскапат
правіць- Епархіяльныя епіскапы
- Арэст (Чарнок) (1937—1977)
- Іаан (Марцін) (1977—1984)
- Нікалай (Смішко) (1985—2011)
- Грыгорый (Таціс) (з 2012)
- Епіскапы-памочнікі
- Пётр (Шыманскі) (1963—1964)
- Мяфодзій (Канчуга) (1965)
- Іаан (Марцін) (1966—1977)