Андарак, мясцовыя назвы даматкан, сукня, саян — беларускае жаночае паясное адзенне — доўгая шырокая спадніца з ваўнянай або паўваўнянай саматканкі ў рознакаляровую клетку або падоўжныя ці папярочныя палосы. Паводле Слоўніка іншамоўных слоў паходзіць ад нямецкага слова Unterrock[1] ― паласатая спадніца нямецкіх сялянак.

Андарак з в. Падліпцы Слуцкага павета. Канец XIX стагоддзя

Малюнак і дэкор

правіць
 
Сям’я беларусаў Мінскай губерні. 1877 год. Жанчына ў андараку.

Шылі з 3-5 полак, вытканых у 2-3 ніты. Малюнак утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Часта дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, нашыўкі карункавых тасёмак, стужак.

У канцы XIX — пачатку XX ст. найбольш распаўсюджанымі былі клятчастыя андаракі (чырвона-чорныя клеткі размяшчаліся па ўсім полі — Ваўкавыска-Камянецкі строй). Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дабаўляць зялёны, ружовы, жоўты і інш. У паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы (Ляхавіцкі строй, Пухавіцкі строй), ва ўсходніх — у падоўжныя (шырокія чырвоныя перамяжаліся з больш вузкімі белымі паскамі).

З пачатку XX стагоддзя былі пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і іншыя андаракі. Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі (складзены ў складкі андарак клалі на ўслон, накрывалі чыстым ручніком і прыкладвалі гарачым хлебам). Вядомы на ўсёй Беларусі, за выключэннем паўночна-заходніх раёнаў; ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах андаракі былі з прышыўным ліфам. Выйшаў з ужытку ў 1920-я г., у Заходнім Палессі — у 1930-я г.

Андарак у фальклоры

правіць

Андарак успамінаецца ў беларускіх прыказках. Напрыклад, на Лагойшчыне гаварылі: «Надзеў бабскі андарак» (пайшоў у прымы), «Нашу дачку пазнаюць і ў андарачку» (добра чалавека заўважаць і ў простым уборы)[2].

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4
  2. Андарак // Прыказкі Лагойшчыны. — Нью-Ёрк, Мюнхен: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. БІНІМ, Фонд П. Крэчэўскага, 1966.

Літаратура

правіць
  • Андарак // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн, БелЭн., 1989. — 575 с. — С. 30.
  • Раманюк М. Ф. Беларускае народнае адзенне. — Мн., Беларусь, 1981. С. 317
  • Дамаскіна Ф. Д. Асаблівасці народнага касцюма Паазер’я (па матэрыялах традыцыйнага жаночага адзення XIX-пачатку XX стагоддзя) // «Лепельскія чытанні»: (навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля) / склад. А. У. Стэльмах. — Віцебск, 2004. — С. 31-35.

Спасылкі

правіць