Эртхольмен
Эртхо́льмен (дацк.: Ertholmene) — архіпелаг з трох астравоў у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора. Уваходзіць у склад Даніі. Агульная плошча — 0,39 км². Адзіны населены пункт — Крысціянсё. Насельніцтва (2012 г.) — 103 чал.
Эртхольмен | |
---|---|
дацк. Ertholmene | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 3 |
Найбуйнейшы востраў | Крысціянсё |
Агульная плошча | 0,39 км² |
Найвышэйшы пункт | 22 м |
Насельніцтва | 103 чал. (2012) |
Шчыльнасць насельніцтва | 264,1 чал./км² |
Размяшчэнне | |
55°19′12″ пн. ш. 15°11′16″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Балтыйскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьАрхіпелаг Эртхольмен знаходзіцца ў 17,9 км на паўночны ўсход ад вострава Борнхальм і ў 812 км на паўночны захад ад Мінска. Складаецца з трох астравоў:
- Востраў Крысціянсё (22,3 га)
- Востраў Фрэдэрыксё (4 га)
- Востраў Грасхольм (11 га)
Акрамя таго, у склад архіпелага ўваходзіць некалькі бязлюдных скал, якія разам з Грасхольмам утвараюць птушыны запаведнік.
Найвышэйшы пункт — узгорак Мёльбакен — знаходзіцца на востраве Крысціянсё.
Гісторыя
правіцьУ старажытнасці архіпелаг меў назву Kierkeholmen (Царкоўныя астравы), што можа сведчыць пра пасяленне на ім хрысціянскіх манахаў. Аднак ніякіх дакладных звестак пра сталае насельніцтва да XVII ст. няма.
У 1684 г. датчане пабудавалі на астравах крэпасць Крысціянсё. Гэта назва, а таксама назва Фрэдэрыксё паходзяць ад імёнаў дацкіх манархаў. Крэпасць выкарыстоўвалася ў ваенных мэтах, а таксама як турма да 1855 г. Згодна перапісу 1810 г., у ёй месцілася 829 чал.
Кіраванне
правіцьАстравы Эртхольмен з’яўляюцца ў некаторай ступені анамаліяй рэгіянальнага падзелу Даніі. У 1970—2003 гг. архіпелаг уваходзіў у склад муніцыпалітэта Борнхальм. Але ў далейшым выйшаў з яго складу і наогул з сістэмы муніцыпальнага падпарадкавання. Астравы (найчасцей у дакументах значацца як Крысціянсё) афіцыйна з’яўляюцца ўладаннем дацкай дзяржавы і кіруюцца міністэрствам абароны.
Турызм
правіцьГалоўная галіна эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Сюды ўязджае некалькі дзясяткаў тысяч наведвальнікаў у год. Найчасцей яны прыбываюць на пароме праз суседні востраў Борнхальм або на асабістых яхтах. Турыстаў вабяць добра захаваныя крэпасць, касцёл, а таксама ізаляваны лад жыцця астравіцян.
Спасылкі
правіць- Афіцыйная старонка
- Экскурсія Архівавана 29 чэрвеня 2016.