Ахова працы — сістэма забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя працаўнікоў падчас працоўнай дзейнасці, якая ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, арганізацыйныя, тэхнічныя, псіхафізіялагічныя, санітарна-гігіенічныя, лячэбна-прафілактычныя, рэабілітацыйныя і іншыя мерапрыемствы і сродкі.

Мерапрыемствы сацыяльна-эканамічнага характару накіраваны на стварэнне, развіццё і ўдасканаленне эканамічнай базы аховы працы на вытворчасці.

Арганізацыйныя мерапрыемствы накіраваны на практычнае ажыццяўленне працоўнага заканадаўства на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, правілаў, нормаў, інструкцый па тэхніцы бяспекі.

Мерапрыемствы тэхнічнага характару накіраваны на засцярогу працоўных ад вытворчых траўмаў і няшчасных выпадкаў, на палягчэнне працы і прадухіленне чыннікаў, якія выклікаюць траўматызм і шкодныя ўздзеянні на арганізм чалавека.

Мерапрыемствы санітарна-гігіенічнага характару накіраваны на забеспячэнне здаровых умоў працы на прадпрыемствах, будаўнічых пляцоўках, у арганізацыях і ўстановах шляхам арганізацыі побытавых памяшканняў, рацыянальнага асвятлення працоўных месцаў, зніжэння ўзроўню уздзеяння ўсіх шкодных вытворчых фактараў.

Мерапрыемствы лячэбна-прафілактычнага характару накіраваны на стварэнне на прадпрыемстве (па неабходнасці і магчымасці) медыцынскіх пунктаў, сеткі санаторыяў і прафілакторыяў.

Асноўным метадам аховы працы з’яўляецца выкарыстанне тэхнікі бяспекі.

Адным з прадметаў увагі аховы працы з’яўляецца Прафесійнае захворванне — захворванне, выкліканае ўздзеяннем шкоднага фактару ва ўмовах вытворчасці і пацверджанае ва ўстаноўленым парадку. Прыватным выпадкам прафесійнага захворвання з’яўляецца прафесійнае атручванне — вострая ці хранічная інтаксікацыя, выкліканая шкодным хімічным фактарам ва ўмовах вытворчасці.