Брэсцкі дзяржаўны каледж будаўнікоў

Брэсцкі дзяржаўны каледж будаўнікоў — дзяржаўная сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Брэсце. Размяшчаецца па адрасе Прыгарадная вуліца, 27.

Брэсцкі дзяржаўны каледж будаўнікоў
Дата заснавання снежань 1944
Тып каледж
Размяшчэнне
ptu65.brest.by

Гісторыя

правіць

У перыяд аднаўлення разбураных вайной гарадоў і вёсак Беларусі ў Брэсце ў снежні 1944 года была сттворана школа фабрычна-заводскага навучання № 35 будаўнікоў. Школа ФЗН фарміравалася з ліку дзяцей, якія засталіся ў гады вайны без бацькоў, а таксама дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. Базавым прадпрыемствам яе стала ўпраўленне № 27 абарончага будаўніцтва. Заняткі праводзіліся ў памяшканні барачнага тыпу. За шэсць месяцаў падлеткаў навучалі нескладаным прафесіям сталяра-беладрэўшчыка, цесляра, тынкоўшчыка, слесара-сантэхніка, муляра-печніка[1].

Для размяшчэння школы ФЗН № 35 былі перададзены жылыя дамы па вуліцы Куйбышава: двухпавярховы жылы дом № 25, аднапавярховыя дамы 46, 44, 42 з усімі пабудовамі ў дварах, сядзібамі і дрэванасаджэннямі. Памяшканне па вуліцы Пушкіна № 26 было дадзена ФЗН № 35 для размяшчэння майстэрняў[1].

Ужо ў 1946 годзе ў школе ФЗН меліся дзве майстэрні: сталярная размяшчалася па вуліцы Савецкай, 22, слясарня — па вуліцы Пушкінскай, 52[1].

Рэспубліка аднаўляла народную гаспадарку. Выпускнікі школы ФЗН № 35 абавязаны былі прапрацаваць на прадпрыемстве чатыры гады запар. Да таго ж маладыя спецыялісты забяспечваліся жыллём, споднім і пасцельнай бялізнай[1].

У 1955 годзе школа ФЗН № 35 была перайменавана ў ФЗН № 12, а ў 1956 годзе — у будаўнічую школу № 12[1].

У 1957 годзе з мэтай падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых-будаўнікоў для будоўляў Міністэрства будаўніцтва БССР была арганізавана Брэсцкая будаўнічая школа № 6. Кантынгент навучэнцаў — 200 чалавек. Размяшчалася будаўнічая школа № 6 у будынку па вуліцы Будзённага, 36. 2 ліпеня 1958 года будаўнічая школа № 6 ператворана ў будаўнічае вучылішча № 6. У 1959 годзе выпускнік вучылішча Віннік, брыгадзір муляроў Брэсцкага БВ-16, узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР і ордэнам «Знак Пашаны»[1].

У 1959/1960 гг. у вучылішчы можна было атрымаць наступныя прафесіі сталяра, цесляр, муляра, тынкоўшчыка, маляра. У вучылішча меліся дзве навучальныя майстэрні: для навучання сталяроў і майстэрня для навучання маляроў-аддзелачнікаў[1].

14 снежня 1963 года будаўнічае вучылішча № 6 ператворана ў гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 65. А 11 мая 1964 года гарадское ПТВ № 65 ператворана ў гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 65 будаўнікоў (ГПТВ № 65 будаўнікоў). Гэта было першае вучылішча ў вобласці, якое давала сярэднюю адукацыю. Асноўнай задачай вучылішча была падрыхтоўка рабочых-будаўнікоў для будоўляў Міністэрства будаўніцтва БССР. Прымалі юнакоў ва ўзросце 15-17 гадоў, якія мелі восем класаў адукацыі. Тэрмін навучання складаў 3 гады[1].

У 1970 годзе вучылішча пераехала ва ўласны комплекс, які складаўся з навучальнага корпуса і навучальна-вытворчых майстэрняў. У 1972 годзе быў адбыўся першы выпуск навучэнцаў, якія нароўні з прафесіяй атрымалі сярэднюю адукацыю[1].

У 1974 годзе ў інтэрнаце вучылішча адкрыты Музей баявой славы. Экспазіцыя музея была прысвечана 130-й Таганрогскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Леніна і Суворава 2-й ступені стралковай дывізіі[ru][1].

Па меры росту аб’ёмаў капітальнага будаўніцтва ў 1992 годзе пачалася падрыхтоўка рабочых па інтэграваных прафесіях будаўнічага профілю на аснове базавай адукацыі з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі па наступных прафесіях: «Муляр; бетоншчык; цясляр» «Сталяр; цясляр; станочнік дрэваапрацоўчых станкоў», «Электрагазазваршчык», «Тынкоўшчык; маляр; абліцоўшчык-плітачнік». З 1993 года навучэнцы пасля агульнай сярэдняй адукацыі навучаліся гэтым прафесіям на працягу дзесяці месяцаў. У 1994 годзе ў вучылішчы пачалася падрыхтоўка і перападрыхтоўка рабочых і беспрацоўнага насельніцтва па заяўках абласнога і гарадскога цэнтраў занятасці насельніцтва[1].

На падставе загаду ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама ад 08.02.2008 года Брэсцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 65 будаўнікоў перайменавана ў Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў[1].

У 2022 годзе Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў быў перайменаваны ў Брэсцкі дзяржаўны каледж будаўнікоў[1].

Абсталяванне

правіць

Цяпер у каледжы больш 20 навучальных кабінетаў, 11 навучальна-вытворчых майстэрняў, два кабінета сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, кабінет інфармацыйных тэхналогій[1].

Дырэктары

правіць
  • 1944—1954 — Васіль Іванавіч Туркін.
  • 1954—1957 — С. Вараб’ёў
  • з 1957  — М. М. Лявонцьеў
  • 1971—1979 — П. А. Перапялыцын
  • 1997—2020 — Уладзімір Пятровіч Вайцюк.
  • З 2020 — Андрэй Міхайлавіч Шыпілаў.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н Гісторыя Брэсцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2023. Праверана 2 ліпеня 2023.

Спасылкі

правіць