Бібліяграфічная спасылка

Бібліяграфічная спасылка: частка даведкавага апарата дакумента (наогул тэксту); змяшчае звесткі пра дакументы (тэксты), на якія робіцца спасылка; інакш: спосаб афармлення спасылкі[1].

Афармленне бібліяграфічных спасылак у навуковых тэкстах можа рэгламентавацца дзяржаўнымі стандартамі, унутранымі стандартамі навучальнай установы, выдавецтва, навуковага выдання і г. д.

У СССР і ў дзяржавах СНД афармленне бібліяграфічных спасылак наогул рэгламентуецца дзяржаўнымі стандартамі – ГОСТ серыі 7, у Беларусі – СТБ серыі 7 і міждзяржаўнымі ГОСТ серыі 7, у Расіі – ГОСТ Р серыі 7 і міждзяржаўнымі ГОСТ серыі 7, але таксама могуць дзейнічаць унутраныя стандарты.

Спасылкі, паводле месца змяшчэння ў тэксце, могуць быць:

  • унутрытэкставыя, якія ўваходзяць ва ўласна дакумент (тэкст);
  • падрадковыя, расшыфроўка якіх вынесеная з паласы у зноскі;
  • затэкставыя, расшыфроўка якіх вынесеная з паласы у вынаскі.

Уласна змест спасылкі вызначаецца стылем дакумента (тэксту), тэхнічнымі патрабаваннямі, навуковай традыцый і г. д.

Прыклады правіць

У айчынных навуковых тэкстах у вобласцях фізікі, матэматыкі і інш. звычайна карыстаюцца спасылкамі ў выглядзе нумароў у квадратных ці касых дужках (напрыклад, [1] ці /1/), а нумары адпавядаюць агульнаму спісу крыніц, змешчанаму пасля асноўнай часткі тэксту, напрыклад, у такім выглядзе:

1. СТБ 7.208–2008. Бібліяграфічная спасылка. Агульныя патрабаванні і правілы складання. Мн.: Госстандарт, 2009.

Навуковыя тэксты ў вобласцях гісторыі і інш. часта карыстаюцца падрадковымі або затэкставымі спасылкамі, напрыклад, вось так1:

1. СТБ 7.208–2008. Бібліяграфічная спасылка. Агульныя патрабаванні і правілы складання. Мн.: Госстандарт, 2009.

Навуковыя тэксты ў мовазнаўстве і іншых вобласцях навукі часта карыстаюцца унутрытэкставымі скарочанымі спасылкамі, напрыклад, (СТБ 2008) або [СТБ 2008], і скарочаныя спасылкі расшыфроўваюцца ў агульным спісе крыніц, змешчаным пасля асноўнай часткі тэксту, напрыклад, у такім выглядзе:

[СТБ 2008] СТБ 7.208–2008. Бібліяграфічная спасылка. Агульныя патрабаванні і правілы складання. Мн.: Госстандарт, 2009.

Гл. таксама: Гарвардскі стыль, Чыкагскі стыль.

Зноскі

  1. СТБ..., §4.1.

Літаратура правіць

  • СТБ 7.208–2008. Бібліяграфічная спасылка. Агульныя патрабаванні і правілы складання. Мн.: Госстандарт, 2009.