Віндсёрфінг
Віндсёрфінг (англ.: Windsurfing) — від паруснага спорту і воднай забавы, у аснове якіх ляжыць майстэрства кіравання на воднай паверхні лёгкай дошкай невялікага памеру з устаноўленым на ёй парусам.
Спартыўны снарад, які выкарыстоўваецца ў віндсёрфінгу, называецца «паруснай дошкай» або «віндсёрфам» і складаецца з лёгкай дошкі абцякальнай формы даўжынёй 2,0-4,7 м, выкананай з плывучага матэрыялу, і замацаванай на ёй у гнуткім злучэнні мачты з парусам.
Парусная дошка ўяўляе сабой спрошчаную мадэль паруснага судна, пазбаўленага руля. Кіраванне ажыццяўляецца шляхам нахілу шчоглы з парусам, а пры руху ў рэжыме глісавання таксама з дапамогай нахілу самой дошкі з борта на борт. Хуткасць і кірунак руху залежаць ад становішча паруса адносна ветра. Становішча паруса кантралюецца спартоўцам («віндсёрферам»), які ўтрымлівае яго рукамі за папярочку — гікам.
Рух на паруснай дошцы магчымы пры любой сіле ветра. Дасведчаныя спартоўцы валодаюць тэхнікай руху на хвалях, а таксама выканання скачкоў рознай ступені складанасці.
У цяперашні час віндсёрфінг з’яўляецца не толькі відовішчным відам спорту, але і папулярнай воднай забавай для шырокага кола людзей, якія выбіраюць актыўны адпачынак.