Геаінфармацыйныя сістэмы
Геаінфармацыйныя сістэмы, ГІС ― сістэмы апаратна-праграмных сродкаў і алгарытмічных працэдур, створаныя для лічбавай падтрымкі, папаўнення, кіравання, маніпулявання, аналізу, матэматыка-картаграфічнага мадэлявання і вобразнага адлюстравання геаграфічна каардынаваных дадзеных. Складовыя кампаненты ГІС: абсталяванне, праграмнае забеспячэнне, даныя, прафесійны персанал, метады аналізу.
Перавагі ГІС у параўнанні з аналагавымі сістэмамі:
- магчымасць супастаўлення карт розных маштабаў і праекцый;
- выгоды захоўвання і апрацоўкі велізарных аб'ёмаў геаграфічнай інфармацыі;
- аператыўны аналіз прасторавых і лагічных сувязяў розных аб'ектаў і ўласцівасцяў асобных элементаў;
- прастата стварэння сваіх уласных дадзеных і карт;
- шырокі дыяпазон выяўленчых уласцівасцяў;
- для картыруемага аб'екта можна абраць розныя віды класіфікацыі, якія падкрэсліваюць тую ці іншую заканамернасць;
- шырокія магчымасці для мадэлявання і экстрапаляцыі дадзеных;
- эканомія часу і людскіх рэсурсаў у выніку аўтаматызацыі руціннай працы.
Прынцыповая структура ГІС — набор розных электронных тэматычных пластоў (карт мясцовасці), якія адлюстроўваюць размяшчэнне на зямной паверхні і ўласцівасці вызначанага тыпу аб'ектаў (напрыклад, рэк, азёр, рэльефу, расліннасці, ландшафтаў, глеб, населеных пунктаў, месцапражыванняў рэдкіх відаў і г. д.).
Калі даныя ўсіх пластоў знаходзяцца ў адной сістэме каардынат, яны выразна кладуцца папластова адзін на аднаго (прасторава злучаны). ГІС дае магчымасць працаваць з вялікай колькасцю тэматычных пластоў адначасова і змяняць парадак іх узаемнага размяшчэння.
Спасылкі
правіць- Геапартал Беларусі (gismap.by) Архівавана 8 сакавіка 2022.