Герцаг франкаў

(Пасля перасылкі з Герцаг Францыі)

Герцаг франкаў (лац.: dux Francorum) — ганаровы тытул у Франкскім, Заходне-Франкскім і Усходне-Франкскім каралеўствах. Часта памылкова перакладаецца як «Герцаг Францыі» ці «Герцаг Французскі».

Слова dux, запазычанае ў старажытных рымлян, першапачаткова мела значэнне «правадыр», «палкаводзец».[1]

У Франкскім каралеўстве першым герцагам франкаў стаў Піпін Герыстальскі, маярдом Аўстразіі. У 687 годзе ён захапіў караля ўсіх франкаў Тэадорыха III і прымусіў яго прызнаць Піпіна маярдомам усяго Франкскага каралеўства. У тым жа годзе Піпін Герыстальскі прыняў тытул «герцаг і князь франкаў» (dux et princeps Francorum). У VIII стагоддзі гэты тытул прыняў яго пабочны сын Карл Мартэл, які таксама стаў фактычным кіраўніком каралеўства.

У Заходне-Франкскім каралеўстве (будучай Францыі) тытул герцага франкаў насілі некаторыя прадстаўнікі сямейства Раберцінаў, у прыватнасці, Роберт I, які стаў потым (у 922 годзе) каралём заходніх франкаў. Апошні герцаг франкаў з сямейства Раберцінаў, Гуга Капет, стаў у 987 годзе каралём і заснавальнікам дынастыі Капетынгаў.

У Усходне-Франкскім каралеўстве (будучай Германіі) у 906 годзе тытул dux Francorum (ням. Herzog von Franken) прыняў Конрад I, сын Конрада, герцага Цюрынгіі. Пры гэтым ён захапіў уладу над Цюрынгіяй і суседнімі абласцямі, населенымі франкамі. Гэту тэрыторыю сталі называць Франконіяй. (Латарынгія, таксама населеная галоўным чынам франкамі, у 895925 гадах была фактычна незалежнай ад Германіі.) У 911 годзе Конрад I быў выбраны каралём Усходне-Франкскага каралеўства. У 918 годзе, пасля смерці Конрада, «герцагам франкаў» (фактычна — толькі герцагам Франконіі) стаў яго малодшы брат Эберхард III. У 939 годзе Эберхард быў забіты ў баі, а яго землі сталі асабістымі ўладаннямі караля. Праз шмат гадоў тытул Herzog von Franken адрадзіўся, але для гэтых часоў гэты тытул варта перакладаць як «герцаг Франконіі».

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. duke. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite . (2008).