Голас праваслаўнага беларуса

«Голас праваслаўнага беларуса» — грамадска-царкоўны часопіс. Выдаваўся ў лістападзе — снежні 1931 г. у Вільні на беларускай мове. Рэдактар-выдавец М.Маркевіч. Асноўную задачу бачыў у эвалюцыйным станаўленні беларускай праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Заходняй Беларусі і БССР, імкнуўся спалучыць каштоўнасці хрысціянства з беларускай ідэяй. Клапаціўся аб тым, каб «рашуча і безадказна стаць на шлях адраджэння царкоўнага жыцця ў суадказнасці з агульным адраджэннем беларускага народа» (артыкулы: «Мэты і метады беларусізацыі», «Да праблемы адрадджэння нацыянальнай царквы», «Без народа – без Хрыста»), выказваўся за дэмакратызацыю ўнутранага жыцця царквы, крытыкаваў «прыказны лад» расійскай праваслаўнай царквы («Аб саборы і саборнасці праваслаўнай царквы ў Польшчы»). З пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі на Беларусі («Беларуская праваслаўная царква ў мінуўшчыне»), негатыўна ацэньваў унію («З чаго спарадзілася і як памерла гістарычная вунія»). Выступаў супраць «царкоўнага беларускага праваслаўнага камітэта» і яго органа часопіса «Светач Беларусі», які схіляўся да аб’яднання ўсходняй і заходняй хрысціянскіх канфесій. На старонках часопіса друкавалася хроніка царкоўнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Выйшлі 3 нумары.

Літаратура правіць

  • Ліс, А. «Голас праваслаўнага беларуса» / Арсень Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 56. — ISBN 985-11-0041-2.