Гусеў (кратар)
Кратар Гусева, Гусеў[1] (лац.: Gusev) — марсіянскі ударны кратар дыяметрам каля 170 км. Названы ў гонар расійскага астранома Мацвея Гусева (1826—1866) у 1976 годзе. З 2004 па 2010 год кратэр вывучаўся амерыканскім марсаходам «Спірыт».
Характарыстыкі кратара | |
---|---|
Дыяметр | 166 км |
Эпонім | Мацвей Мацвееевіч Гусеў |
Агульная інфармацыя
правіцьУнутры кратара, на поўдзень ад яго цэнтра, размешчана невялікая града, адна з вышынь якой з’яўляецца ўзгоркам Хасбанда.
Кратар Гусева ўтварыўся, верагодна, 3-4 млрд гадоў таму. Мяркуюць, што калісьці ён быў запоўнены вадой (магчыма, вадой і лёдам), якая сцякала па сістэме рэчышчаў, якія назіраюцца ў даліне Маадзім. Як мяркуецца, кратэр запоўнены асадкам таўшчынёй больш за 900 метраў. Шэраг навукоўцаў лічаць, што мясцовасць, дзе даліна Маадзім пераходзіць у кратар Гусева, нагадвае некаторыя дэльты рэк на Зямлі. Прычым дэльты такога тыпу фармуюцца, прынамсі, на працягу дзясяткаў тысяч гадоў. Таму вада па даліне Маадзім магла цячы на працягу даволі доўгага перыяду (гэта значыць не толькі ў выніку асобных паводак). Яна магла выцякаць з буйнога возера, якое, як паказваюць здымкі з арбіты, магло існаваць у вярхоўях даліны Маадзім.
У студзені 2004 года на паверхню кратара высадзіўся марсаход «Спірыт». Кратар Гусева быў абраны для вывучэння таму, што тут, верагодна, некалі існавала возера. Акрамя таго, наяўнасць мноства дробных кратараў дазваляла спадзявацца на вывучэнне ўнутранай будовы ападкавых парод (што ў значнай ступені не апраўдалася).
«Спірыт» выявіў шэраг матэрыялаў, хімічны склад якіх паказвае на працяглае ўздзеянне вады. Аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што гэтыя матэрыялы маглі ўтварыцца іншым спосабам, і не вераць у тое, што вадкая вада магла існаваць на Марсе на працягу геалагічна значных прамежкаў часу.
Таксама «Спірыт» сфатаграфаваў «пылавыя віхуры» — смерчы, найбуйнейшыя сляды якіх бачныя на арбітальных здымках. Меркавана, мацнейшыя пылавыя віхуры чысцілі сонечныя батарэі марсахода ад пяску, нанесенага больш слабымі віхурамі, што падвышала іх энергааддачу і тым самым падаўжала тэрмін яго працы.
Зноскі
- ↑ Бурба Г. А. Номенклатура деталей рельефа Марса. — М.: Наука, 1981. — С. 64.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гусеў (кратар)