Данііл Юльянавіч Крыўчэня

Данііл Юльянавіч Крыўчэня (нар. 16 сакавіка 1938, в. Вярхі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства) — урач-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны.

Данііл Юльянавіч Крыўчэня
Дата нараджэння 16 сакавіка 1938(1938-03-16) (86 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці урач, выкладчык універсітэта
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Альма-матар

Біяграфія правіць

Бацька Данііла быў служачым, працаваў на чыгунцы, маці — адмысловая краўчыха. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся ў родную вёску, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка, і дзе бяспечней было жыць. Пасля вайны сям’я зноў пераехала ў Брэст.

У 1954 годзе Данііл Крыўчэня скончыў сярэднюю школу № 3 г. Брэста з срэбраным медалём і паступіў у Кіеўскі медыцынскі інстытут (1960). Затым тры гады малады ўрач працаваў хірургам у Чаркаскай абласной туберкулёзнай бальніцы.

У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Адкрыты артэрыяльны праток, дыягностыка, гемадынаміка і хірургічнае лячэнне» з правам самастойнага выканання аперацый не толькі пры лёгачных, але і сардэчных захворваннях. У 1978 годзе ім была абаронена доктарская дысертацыя «Хірургічнае лячэнне набытых парокаў сэрца ў дзяцей і падлеткаў». Аперацыі на сэрцы Данііл Юльянавіч укараніў у практыку са знакамітым савецкім хірургам акадэмікам Аляксандрам Аляксеевічам Шалімавым. У 1971—1981 гадах па даручэнні А. А. Шалімава ўзначальваў арганізацыю працы сардэчна-сасудзістага аддзялення на новай клінічнай базе — бальніцы «Медгарадок» Кіеўскага НДІ з поўным аб’ёмам аперацый на сэрцы. Адначасова ў 1980—1992 гадах заснаваў і кіраваў кафедрай дзіцячай хірургііў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў, а ў 1981—2005 гадах — заснавальнік і загадчык клінікі складаных парокаў развіцця ў дзяцей у Інстытуце педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі АМН Украіны.

У 1992—2011 гадах Данііл Юльянавіч — загадчык, з 2011 года — прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя А. А. Багамольца. У 1989—2004 гадах — ён галоўны дзіцячы хірург Міністэрства аховы здароўя Украіны, у 1991—2016 гадах з’яўляўся прэзідэнтам Усеўкраінскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў. Акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны (1993), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1997), лаўрэат міжнароднай прэміі «Залаты ОЦІС» (Польшча) 2006 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны 2008 года за распрацоўку методык аперацый у дзяцей.

14 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай навуковай медыцынскай бібліятэцы Украіны Д. Ю. Крыўчэня прадставіў атлас «Парокі развіцця дыхальнай сістэмы», створаны ім сумесна з дацэнтам кафедры дзіцячай хірургіі НМУ імя А. А. Багамольца Яўгенам Рудэнка. Над атласам яны працавалі на працягу трох гадоў, а матэрыял выкарыстоўвалі па выніках дзесяцігадовых даследаванняў.

Навуковая дзейнасць правіць

Аўтар больш за 350 навуковых прац, у тым ліку больш за 15 — у замежных выданнях, 5 манаграфій і некалькіх навучальных дапаможнікаў. Мае 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на метады аперацый і хірургічныя інструменты. Падрыхтаваў чатырох дактароў і 28 кандыдатаў медыцынскіх навук. Удзельнік шматлікіх міжнародных з’ездаў і канферэнцый.19-22 кастрычніка 2017 года ў Львове адбылася Украінска-польская канферэнцыя «Дні дзіцячай хірургіі», на якой праведзены майстар-клас па «жывой хірургіі», у тым ліку прафесарам Д. Ю. Крыўчэней.

Літаратура правіць

  • Бензярук, Р. М. Д. Ю. Крыўчэня / Р. М. Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 440.
  • Бензярук, Р.Дакрануцца да сэрца : Крыўчэня Данііл Юльянавіч, нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Вярхі / Расціслаў Бензярук // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 110—111.
  • Бензярук, А. Жабінкаўшчына навуковая : [пра жабінкаўцаў, якія дасягнулі ў жыцці навуковых вяршынь, у т. л. Д. Ю. Крыўчэню] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 21 кастрычніка. С. 3.
  • Карпішчук, М. Знакаміты лекар з Брэстчыны : [да 75-годдзя Данііла Юльянавіча Крыўчэні] / Марына Карпішчук // Сельская праўда. Жабінка, 2013. 16 сакавіка. С. 3.
  • Бензярук, А. Вучоныя — нараджэнцы Жабінкаўшчыны : [у т. л. пра Д. Ю. Крыўчэню] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2010. 30 студзеня. С. 3.
  • Бензярук, Р. Каб сэрца не балела : [пра доктара медыцынскіх навук, прафесара Д. Ю. Крыўчэню, ураджэнца в. Вярхі Жабінкаўскага раёна] / Расцiслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1996. 24 снежня. С. 2.