Дэкан Калегіі кардыналаў

Дэка́н Кале́гіі кардына́лаў, Кардына́л-дэка́н (лац.: Decanus Sacrum Cardinalium Collegium), да 1983 года Дэкан Свяшчэннай калегіі кардыналаў — кіраўнік Калегіі кардыналаў Рымска-Каталіцкай Царквы, а таксама — заўсёды кардынал Рымска-Каталіцкай Царквы біскупскага сану. Дэкан калегіі, згодна з кананічным правам, узначальвае калегію, але не мае ўлады кіраваць іншымі кардыналамі і лічыцца «першым сярод роўных» (лац.: primi inter pares). Для дэканаў калегіі не ўстаноўлена абмежаванняў на займанне пасады па ўзросце. З моманту абрання дэкан абавязаны пастаянна пражываць у Рыме.

Дэкан Калегіі кардыналаў удзяляе біскупскае пасвячэнне новаабранаму Пантыфіку, калі той яшчэ не з’яўляецца біскупам. Калі па нейкіх прычынах дэкан не можа гэтага зрабіць, гэтае права пераходзіць на продэкана, а калі і ён мае перашкоду, то на найстарэйшага кардынала-біскупа. Таксама ў выпадку смерці Папы кардынал-дэкан інфармуе аб гэтым іншых кардыналаў і дыпламатычны корпус пры Апостальскім Пасадзе.