Злы́дні[1] — у беларускай і ўсходнеславянскай міфалогіі нячысцікі, варожыя духі, якія насылаюць на людзей няшчасці.

Апісанне

правіць

У беларускім фальклоры гэта малыя, гарбатыя, скурчаныя істоты, у вялізных ботах і шапках-вушанках. Падобныя ці то да катоў, ці то да сабак.[2]

Лад жыцця

правіць

У сквапных гаспадароў у хатах жывуць шкадлівыя злыдні. Толькі гаспадар за вароты, яны вылазяць са хованак і пачынаюць вэрхал. Б’юць посуд, разліваюць малако з глечыкаў, кідаюць патэльні па хаце.

Часам яны нападаюць на пэўную хату, і там ужо нічога не вядзецца. Звычайна жывуць вялікім гуртам у падпеччы, робяць адтуль вылазкі па ўсёй гаспадарцы і губяць розную маёмасць. Заглядваюць ва ўсе гаршкі, у лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако наліваюць вады, псуюць у дзяжы хлеб, крадуць у курэй яйкі. Ёсць беларуская прымаўка: «Упрасіліся злыдні на тры дні, а і ў тры гады не выжывеш».

Займаюцца злыдні пераважна шкодніцтвам, імкнуцца хутчэй навесці беспарадак. У беларускім фальклоры часам гавораць, што злыдні селяцца ў дамах тых, хто хоча хутка разбагацець, але могуць пасяліцца без прычыны.[3]

Злыдні абавязкова нападуць на таго, хто працуе падчас яды. Забаранялася красці ў суседзяў лыжкі, бо «завядуцца Злыдні» (Брагінскі р-н). Лыжка наогул устойліва звязана з міфічнымі злыднямі, яна рэчыўна ўвасабляе іх. У Лельчыцкім р-не верылі, што нельга падымаць знойдзеную лыжку — гэта злыдзень, таксама нельга і класці на стол лішнюю лыжку, каб не клікаць злыдняў.[4]

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
  2. Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2008 
  3. Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2008 
  4. Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. ISBN 978-985-01-0903-3