З’езд паняволеных народаў Расіі

З’езд паняволеных народаў Расіі — форум прадстаўнікоў народаў былой Расійскай імперыі, якія заснавалі свае нацыянальныя арганізацыі і выступалі за федэратыўна-дэмакратычны прынцып дзяржаўнага ладу Расійскай рэспублікі. Праходзіў у Кіеве з 8 (21) па 15 (28) верасня 1917 года.

Анонс пра адкрыццё з’езду ў кіеўскай газеце «Народня воля», 8 (21) верасня 1917 года

З’езд быў скліканы па ініцыятыве Украінскай цэнтральнай рады з мэтай вырашыць цывілізаваным шляхам карэнныя нацыянальныя праблемы. «Залатым сном народаў» пазней назваў з’езд Міхайла Грушэўскі. На ім упершыню ў гісторыі Расіі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей паспрабавалі вызначыць свой далейшы лёс, прынцыпы суіснавання і гістарычную перспектыву.

Месца правядзення з’езду — педагагічны музей імя цэсарэвіча Аляксея, дзе працавала Украінская Цэнтральная Рада (зараз — Дом настаўніка. Кіеў)

З’езд праходзіў у памяшканні педагагічнага музея. У яго рабоце прынялі ўдзел 92 дэлегаты ад украінцаў, грузін, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, яўрэяў, беларусаў, малдаван, казакоў, буратаў, татараў, крымскіх татараў, цюрцкіх і мусульманскіх арганізацый, Савета сацыялістычных партый Расіі, палякаў.

Найважнейшым дакументам з’езду стала пастанова «Аб федэратыўным ладзе Расійскай дзяржавы», у якой асуджалася празмерная цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады, што тармазіла развіццё дзяржавы. Дэлегаты з’езду пастанавілі, што разам з Усерасійскім Устаноўчым сходам будуць скліканыя краёвыя ўстаноўчыя сходы для ўстанаўлення формаў адносін з цэнтральнымі органамі, а таксама формаў ўнутранага ладу аўтаномнай адзінкі. Пастанова «Аб агульнадзяржаўнай і краёвых мовах» падавала раўнапраўны статус нацыянальным мовам. Агульнадзяржаўнай прызнавалася расійская мова, а ў асобных дзяржавах, частках федэрацыі — адна або некалькі краявых моў. Адносна школы, цэркваў і суда агульнадзяржаўная мова не павінна была мець ніякай перавагі над іншымі краёвымі мовамі.