Кантралюемая мова

Кантралю́емая мо́ва (спрошчаная натуральная мова) — абмежаваная версія натуральнай мовы, створаная для выканання пэўных задач. Падвід натуральнай мовы, створаны шляхам абмежавання ў выкарыстоўванні граматыкі, тэрміналогіі і моўных зваротаў шляхам рэгламентуючых правілаў з мэтай зніжэння ці выкаранення яго шматзначнасці і складанасці.

Традыцыйна, кантралюемыя мовы падзяляюцца на дзве групы: у адной, усе намаганні скіраваны на паляпшэнне зразумеласці для чалавека (напрыклад, для тых, каму мова тэксту не з'яўляецца роднай); у другой гэтыя меры скіраваны на стварэнне надзейнай у плане аўтаматычнага семантычнага аналізу мовы.

Мэты стварэння такіх моў розныя. Напрыклад, так званы бэйсік-інгліш, створаны ў 1925 годзе англійскім лінгвістам Чарльзам Огдэнам, быў прызначаны для навучання англійскай мове карэннага насельніцтва шматлікіх англійскіх калоній. Спецыяльныя мовы былі створаны на базе англійскай для уніфікацыі паведамленняў прагнозу надвор'я, зносін у паветранай прасторы, паліцэйскіх перамоў.

Найбольш шырокае практычнае прыкладанне маюць спрошчаныя тэхнічныя мовы, створаныя для рэгламентацыі лінгвістычнай часткі працэсу стварэння тэхнічнай дакументацыі. У цяперашні час асаблівае значэнне набыло ўяўленне аб кантралюемых мовах у сувязі з развіццём сістэм машыннага перакладу.

Згодна з функцыянальным ужываннем асобныя кантралюемыя мовы магчыма суаднесці з прафесійным жаргонам розных груп, але жаргон і слэнг адлюстроўваюць больш жывое развіццё гутарковай мовы, не звязваючы сябе фармальнымі правіламі.