Конь Пржавальскага ў Беларусі

Конь Пржавальскага для Беларусі — інтрадукаваны від сысуноў, прадстаўнік беларускай фаўны коневых.

Статак коней у Палескім радыёэкалагічным запаведніку

Гісторыя правіць

Гісторыя коней Пржавальскага ў Беларусі пачалася з коней, якія былі выпушчаны заолагамі ў Чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны[1]. Гэтыя асобіны былі нашчадкамі коней, прывезеных з паўночнага захаду Кітая ў запаведнік «Асканія-Нова» для спробы ўзнавіць гэты від, страчаны ў прыродным асяроддзі. З часам з-за рэгулярных пажараў у Зоне і некантраляванага браканьерства на тэрыторыі табуны коней усё больш і больш пачалі ссоўвацца ў бок беларускай мяжы, а потым і цераз яе[1]. У 2007 годзе дзве самкі з самцом перайшлі на беларускую тэрыторыю[2]. Тэхнічна называць гэтых коней выключна беларускімі нельга, паколькі перыядычна яны выкарыстоўваюць і ўкраінскую тэрыторыю, з-за гэтага ж нельга і дакладна палічыць іх колькасць і межы выкарыстаных імі ўчасткаў, бо мусіць быць створана міждзяржаўная група для адначасовага і комплекснага вывучэння ўсёй Чарнобыльскай папуляцыі коней[1].

Сучасная папуляцыя правіць

 
Статак коней у Палескім радыёэкалагічным запаведніку

Папуляцыя коней Пржавальскага ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС з’яўляецца адной з самых вялікіх у свеце, але пакуль не вядома дакладна, якая яе частка стала жыве на тэрыторыі Беларусі. Акрамя гэтага трэба адзначыць, што толькі ў Манголіі і Чарнобыльскай зоне цяпер існуюць сапраўды «дзікія» папуляцыі гэтых коней. У астатніх месцах яны або ўтрымліваюцца зусім у няволі, або ўвесь ці некаторы час года ўтрымліваюцца ў вальерах рознай плошчы. З іншага боку, вальерызацыя памагае пазбегнуць гібрыдызацыі са свойскімі конямі, чаго не ўдалося выключыць у Чарнобыльскай папуляцыі. Назіранне за чарнобыльскімі конямі дало звесткі, што там прысутнічаюць коні з выразна гібрыдным фенатыпам (адной з прыкмет, напрыклад, з’яўляецца доўгая грыва). Ёсць верагоднасць, што ДНК-даследванні пакажуць, што там не засталося ніводнай асобіны з чыстым генатыпам, але рэсурсаў на такі аналіз пакуль не выдаткавалі. Тым часам пакуль вучоныя абмяркоўваюць, як захаваць від хоць бы фенатыпічна. Гібрыды трэба выбракоўваць, але па беларускім заканадаўстве зрабіць гэта немагчыма. У Расіі і Украіне пародзе далі ахоўны статус, але ў Беларусі яны такога статусу не маюць[2].

Экалагічна табуны коней Пржавальскага ў Чарнобыльскай зоне адаптаваліся выдатна: яны выкарыстоўваюць напаўразбураныя будынкі выселеных населеных пунктаў для аховы ад непагадзі, распрацавалі ўласную бліскучую тактыку барацьбы супраць буйных драпежнікаў — рысі і ваўка, а таксама добра адчуваюць сябе на травяным рацыёне метлюжковых, якія растуць у зоне[1].

Больш-менш стала на беларускай частцы чарнобыльскай зоны жывуць тры невялікіх табуны. Табун звычайна складаецца з невялікай сям’і: 4 — 5 дарослых жарабіц з нашчадкамі і адзін жарабец на чале статка. Жарабцы, якія дасягнулі сталасці, з табуна выганяюцца і жывуць паасобку або фармуюць сваю халасцяцкую групу[2].

Біялогія правіць

Цэнтрам актыўнасці гэтых жывёл у Беларусі з’яўляюцца закінутыя вёскі пасярод лесу, вакол якіх размешчаны невялікія зарастаючыя палі. Пры гэтым коні без праблем заходзяць даволі глыбока ў лес. З беларускага боку ёсць вельмі шырокія былыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія яшчэ не паспелі зарасці. Аднак коні Пржэвальскага туды не выходзяць. Яны любяць шырокія супрацьпажарныя прасекі ў лесе і ахвотна выкарыстоўваюць чалавечыя пабудовы. Перш за ўсё гэта закінутыя, але яшчэ не цалкам разбурана стайні і кароўнікі, якія служаць жывёлам хованкай ад непагадзі, часцей зімой, але і летам таксама[3].

Ва ўмовах ПДРЭЗ прадстаўнікі віду прыстасаваліся да сілкавання мясцовымі відамі раслін. Выяўлена, што яны ядуць такія віды, як асака ранняя (Carex praecox), каласнец безасцюковы (Bromopsis inermis), метлюжок вузкалісты (Poa angustifolia), аўсяніца палеская (Festuca polesica), аўсяніца авечая (Festuca ovina), пажарніца наземная (Calamagrostis epigeios) і пырнік паўзучы (Elytrigia repens).

У зімовы перыяд адзначана скусывание галінак яблынь-дзічак, маладых бярозак, вярбы, хвоі, верхавін палыну звычайнага. Коні Пржэвальскага ахвотна ўжываюць у корм апалыя яблыкі ў садах выселеных вёсак, пра што сведчаць густыя ўсходы яблынек у чэрвені на купках конскага гною[4]. У зімовы час таксама адзначана цебянёўка  (руск.).

Зноскі

Літаратура правіць

  • Дерябина Т. Г. «С новым видом?» / Родная прырода, 2010, № 7. с. 10-13
  • Дерябина Т. Г. «Лошадь Пржевальского в Беларуси» / Лесное и охотничье хозяйство. 2016. № 2. с. 43-47.
  • Соколов И. И. «Копытные звери» / Фауна СССР. Млекопитающие, т. 1, в. 3. Москва-Ленинград, 1959 с. 52-63
  • Bennet D., Hoffmamm R. S. «Equus caballus»/ Mammalian Species. 1999, № 628, pp. 1–14
  • Knowles J., Wakefield S. «Przewalski’s Horses» / Zebras, Asses, and Horses. An Action Plan for the Conservation of Wild Equids". 1992. pp. 21–23
  • Дерябина Т. Г. «Лошадь Пржевальского (Equus ferus przewalskii Polj., 1881) в условиях белорусской зоны отчуждения Чернобыльской АЭС» / Вісті Біосферного заповідника «Асканія-Нова», том 17, 2015. С.54-59