Кікімара
Кікімары, Вешчыцы — ва ўсходнеславянскай міфалогіі юныя істоты, што жывуць па сядзібах, выключна жаночага полу, загубленыя да хрышчэння дочкі ці праклятыя маткаю яшчэ ў чэраве.
Кікімары бясшкодныя, галоўным чынам збіраюцца ў тыя дамы, дзе адбылося забойства дзяцей, пракляцце і паблізу якіх быў схаваны трупік. З-за свае дзяціннасці Кікімары загульваюцца і перашкаджаюць жыхарам валтузнёй, ад якой чуваць шум уперамешку з рэдкім знямоглым піскам і віскам. Але сярод самай ажыўленай валтузні Кікімары часам спыняюцца: гэта значыць увага іх прыцягнута хатняй абстаноўкай, тою ці іншаю работаю, немаўлятамі, якіх пестуюць іх мацяркі. Тады Кікімары не па-зямному, неяк асабліва ўздыхаюць, чым выказваюць зайздрасць да чужой ласкі і недасягальнае жаданне завалодаць ёю самім. Не ведаючы іншай работы, Кікімары часцей за ўсё накідваюцца на пакладзенае некім шытво і пражу, каб дагадзіць маці ці яе дачцэ, і працягваюць перапыненую работу. Мэта, аднак, не дасягаецца: крывыя і няўмелыя швы, няроўнасць выпрадзеных нітак і г.д. раніцой разбіраюцца сталымі жанчынамі.
Звычайна месцазнаходжанне Кікімар у доме — пляцоўка на паверхні печы і падпечак, куды яны нябачна спускаюцца.
Літаратура
правіць- Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5}}