Кіякоўская сядзіба

Кіякоўская сядзіба — сядзіба ў в. Кіякова, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць.

Сядзіба
Кіякоўская сядзіба
54°59′56,97″ пн. ш. 27°31′15,58″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Кіякова
Дата пабудовы XIX стагоддзе

ГісторыяПравіць

Сядзіба ў 1903 годзе належала Аляксандру Кіякоўскаму. Добра захавалася з часоў эклектыкі. Уключала палац з афіцынай, свіран, лядоўню, вяндлярню, кузню, піўніцу, парк, сад і вялізны гаспадарскі двор. У вёсцы, акрамя таго, мелася два дамы для рабочых (на 12 сем’яў).

АрхітэктураПравіць

Сядзіба закладзена на невысокай тэрасе ракі Сэрвач. Мае простую планіроўку. Палац з верандамі і тэрасамі на двух фасадах складаўся з 14 пакояў, размяшчаўся ў глыбіні парку. Да яго праз усю сядзібу вяла алея конскага каштана і ліпы (захаваліся адзінкавыя дрэвы). Перад домам меўся партэр з кругам, за якім па адной восі пабудавана стайня выязных коней (захавалася). З паркавага боку сярод сада таксама быў круг такіх жа памераў, як і парадны, з півоніямі. Непасрэдна сам парк быў спланаваны на паўднёва-ўсходняй ускраіне сядзібы. Ён у плане Г-падобны. Яго найбольш утульная і прыгожая частка размешчана з боку ракі, дзе растуць векавыя яліны, ліпы, клёны, дубы і бярозы. Адсюль адкрываецца від на раку і пойму.

Ад вялікага гаспадарскага двара захаваліся стайня і ферма. Стайня пабудавана з бруса, закладзенага ў цагляныя шулы. Фасад вылучаны двума рызалітамі са шчытамі. Іх дзвярныя праёмы маюць арачнае завяршэнне і прыгожыя дзверы работы мясцовых майстроў. Ферма пабудавана ў 1938 годзе ў стылі «цаглянай» архітэктуры. У плане П-падобная, вялізных памераў — 42×33 м. Фундамент складзены з колатага каменя, шчыльна падагнанага на цэментнай звязцы. Сцены цагляныя. Цэгла гатавалася на цагельні ў Валкалаце.

Ферма з’яўляецца ўзорам гаспадарчых пабудоў такога тыпу. Захаваўся таксама свіран з 15 вянцоў і незвычайная лядоўня, якая ўключае склеп, паўпаверх складзены з колатых валуноў, а франтон, вуглы, дзвярныя праёмы — з чырвонай цэглы. Выдзяляецца формай, прыгожым спалучэннем каменя і цэглы і мацункам выканання[1].

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Кияковская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 487—488.
  • Кіякоўская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / редкал.: У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4 : З-Л. — С. 74.
  • Сядзіба ў в. Кіякова // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 678—679.