Мотабол[1][2] — адзін з відаў мотаспорту — гульня з мячом на матацыклах.

Мотабол

Пляцоўка для гульні мае даўжыню 90—120 м, шырыню 45—75 м. Час гульні — 80 хв. (4 перыяды па 20 мін., перапынкі па 10 хв.). Разметка падобная на футбольную, але няма цэнтральнага кругу, а брамная пляцоўка мае форму паўкола. Пакрыццё поля звычайна не грунтавае, а гаравае ці асфальтавае; асфальт прыцярушваюць пяском дзеля лепшага счаплення шынаў матацыкла.

Гуляюць мячом, памеры якога значна больш футбольнага. У кожнай камандзе 5 чалавек — брамнік і 4 палявых гульцы на матацыклах.

Мэта гульні — забіць як мага больш галоў у браму (вароты) праціўніка.

Матабольны матацыкл мае рабочы аб'ём цыліндраў да 175 см³, і мала адрозніваецца ад звычайнай кросавай машыны. Мены датычаць толькі органаў кіравання, бо адна нага матабаліста занятая мячом, і ўсталявання на пярэдняе кола матацыкла дугаў для вядзення мяча.

Гісторыя правіць

Лічыцца, што першымі гуляць з мячом на матацыклах пачалі ў Францыі ў 1920-я гг. Гульня зрабілася такой папулярнай, што мотабольныя каманды з'явіліся ў Англіі, Германіі, Бельгіі, Італіі. Пачалі праводзіцца чэмпіянаты гэтых краін, а ў 1933 годзе адбылася першая міжнародная гульня. Першая мотабольная гульня ў СССР адбылася ў 1937 г., і правялі яе студэнты маскоўскага інстытута фізкультуры.

Новы мотабольны бум пачаўся ў Еўропе, з пачатку 1960-х гг. Пачаў праводзіцца кубак Еўропы. Вельмі папулярным мотабол быў у СССР, дзе існавалі сотні каманд. Матчы праходзілі на цэнтральных стадыёнах — у Лужніках і на «Дынама», трансляваліся па тэлебачанні; каментатарам некаторых быў Вадзім Сіняўскі, а суддзёй некаторых — Юрый Гагарын. Праводзіліся чэмпіянаты СССР (з 1965), чэмпіянаты БССР (з 1966).

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы. Мн.:БелЭн, 2002, С.350.
  2. Напісанне ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.10., Мн., 2000, С.527.