На Купалле
На Купалле — музычны сінтэтычны спектакль, пастаўлены ў БДТ-1 у 1921 годзе, які пратрымаўся некалькі гадоў у рэпертуары тэатра[1] па аднайменнай драме М. Чарота «На купалле» Е. Міровічам.
На Купалле | |
---|---|
Жанр | музычны спектакль |
Заснаваны на | аднайменнай драме |
Аўтар | М. Чарот |
Кампазітар | У. Тэраўскі |
Дырыжор | Міхась Чарот |
Рэжысёр | Е. Міровіч |
Харэограф | К. Алексютовіч |
Акцёры |
А. Александровіч Г. Грыгоніс |
Краіна | БССР |
Мова | беларуская |
Год | 1921 |
Гісторыя стварэння п'есы Правіць
Першаму Беларускаму дзяржаўнаму тэатру патрабавалася пастаноўка, якая мела б арыгінальную драматургію, каб надаць тэатру непаўторную адметнасць, звязаную з нацыянальным каларытам[2]. Е. Міровіч, які замяніў Ф. Ждановіча на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатра, запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх беларускіх пісьменнікаў. Адным з першых адклікнуўся на запрашэнне Міхась Чарот[2]. Ён быў знаёмы з тэатральнай спецыфікай, бо ў свой час быў задзейнічаны як акцёр у пастаноўках Першага беларускага таварыства драмы і камедыі і тэатра Галубка, таксама ім былі ўжо напісаны камедыя «Жаніх без шлюбу» (1919), драма «Слуцкая варона» (1920), аднаактавыя п'есы для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920)[2]. Для БДТ-1 М. Чарот прапанаваў драму «На Купалле», заснаваную на народнай легендзе аб кветцы шчасця і яе пошуках у купальскую ноч[3].
Рэжысёрам-пастаноўшчыкам новага спектаклю стаў мастацкі кіраўнік тэатра Е. Міровіч, кампазітарам У. Тэраўскі, балетмайстарам шматлікіх танцавальных уставак К. Алексютовіч, а мастаком К. Елісееў[2].
Акцёры Правіць
Першай выканаўцай галоўнай ролі Алесі, была Алеся Александровіч, сяброўка М. Чарота, якая таксама спявала ў хоры У. Тэраўскага[4]. Ролю Данілы выконваў Генрых Грыгоніс[5].
Апісанне спектакля Правіць
П'еса «На Купалле» была, несумненна, новым словам у літаратуры Беларусі, але яна ўзнікла на шматвяковай традыцыі народнай творчасці, арыентацыя на якую засцерагала беларускую драматургію ад касмапалітычнай безаблічнасці. Выкарыстанне народна-паэтычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механічнага капіравання фальклорных сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання, бо мастацкі метад у фальклоры прынцыпова адрозніваецца ад мастацкага метаду ў літаратуры. Спектакль, заснаваны на народнай аснове, быў напоўнены народнымі мелодыямі, песнямі і танцамі.
Асноўны матыў п'есы Міхася Чарота «На Купалле» — пошукі шчасця, які ў той час быў надта папулярным у Беларусі. У п'есе нязмушана разгортваліся актуальныя праблемы, сучасныя часу.
Танцавальная частка Правіць
Балетмайстар К. Алексютовіч вырашыў харэаграфічную частку спектакля ў народным духу, у плане фальклорных скокаў. Так, з дзявочымі купальскімі карагодамі пераклікаліся пластычныя танцы русалак у сцэне сноў[6]. У народныя танцы харэограф дадаваў класічныя элементы, ён паставіў русалак «на пальцы» ў карагодзе. У спектаклі ўпершыню на беларускай сцэне з'яўляюцца народныя хараводы, напрыклад, рэалізавана сцэнічная пастаноўка народнага танца «Кола»[7]. Гэтыя карагоды падкрэслівалі нацыянальны характар п'есы і, арганічна ўліваючыся ў драматургію спектакля, дапамагалі раскрыццю тэмы.
Крытыка Правіць
Працу рэжысёра З. Бядуля ацаніў найвышэйшай адзнакай, назваўшы яе ідэальнай[8]. Маскоўскія тэатральныя аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923 г., калі БДТ-1 выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўцы, адзначыўшы, што гэты спектакль раскрыў рускаму гледачу душу беларускага народа лепш, чым бы гэта зрабілі дзесяткі спецыяльных навуковых артыкулаў[2].
Толькі ў 1920-я гады спектакль вытрымаў 432 паказы[9].
Уплыў на культуру Правіць
Па п'есе «На Купалле» была пастаўлена опера «Квётка шчасця» А. Туранкова. Песня «Купалінка», якую многія лічаць народнай, з'яўляецца фрагментам музычнага суправаджэння спектаклю «На Купалле»[10].
П'еса была згублена, але паводле М. Куліковіча, тэкст М. Чарота і частка музыкі У. Тэраўскага былі захаваны беларускай эміграцыяй[11].
Зноскі
- ↑ Сын сваёй эпохі Архівавана 27 лістапада 2020.
- ↑ а б в г д Лаўшук С. С. Драматургія // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 134—166.
- ↑ Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі
- ↑ Наш край в новой энциклопедии Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Яўген Рамановіч «Беларуская хатка»
- ↑ Начало белорусского советского балетного театра (руск.)
- ↑ Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
- ↑ Савецкая Беларусь. 1921. 23 лістапада
- ↑ Максiм IЎКIН. Як аўтарская «Купалінка» стала народнай песняй? Архівавана 29 мая 2014.
- ↑ Тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў Архівавана 23 мая 2012.
- ↑ Куліковіч Мікола. Савецкая беларуская опэра // Спадчына № 6 — 1991. С. 75-88.