Партрэт Уладзіслава Дамініка Астрожскага (Стробель, 1630—1636)

у поўны рост

Партрэт Уладзіслава Дамініка Заслаўскага, князя Заслаўскага, намаляваны прыдворным мастаком польскага караля Барталамеем Стробелем. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Барталамей Стробель
Партрэт Уладзіслава Дамініка Астрожскага. 1630-я
Матэрыял палатно і алейныя фарбы
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ЗЖ-106)

Партрэт напісаны пасля атрымання Уладзіславам Дамінікам пасады канюшага вялікага кароннага[1], таму верагодным годам стварэння партрэту з’яўляецца 1636[1].

Гісторыя правіць

Паходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (№ 76, 244; да 1941). Захоўваўся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР да 1941 года, фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (з 1948), у Дзяржаўным музеі БССР (з 1957 да 1968)[1].

Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1969—1975 гадах у Ленінградзе[1].

Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[1].

Апісанне правіць

Па сцвярджэнні Н. Ф. Высоцкай Уладзіслаў Дамінік паказаны ў шведскім строі, моду на які ўвёў Уладзіслаў IV (1632-48)[1], але В. М. Бялявіна мяркуе, што касцюм князя Заслаўскага пашыты па прыдворнай модзе 1630-х гадоў французскага караля Людовіка XIII[2]. Уладзіслаў Дамінік апрануты ў касцюм з карычнева-сярэбранай парчы. Полы пурпуэна  (фр.), проразі шырокіх рукавоў, праз якія бачна кашуля, бакавыя швы нагавіц аблямаваны вузкім шлякам, вышытым шоўкам і залатой ніткай, над паяском перахватам пасярэдзіне грудзей прымацаваны карчыневы шаўковы бант-разетка. Яшчэ два банты прышыты да паяска пурпуэна. Нагавіцы-брыджы завужаны да каленяў, а ніз штанін упрыгожаны парчовай стужкай з бантам, з-пад якой на адвароты ботаў спускаюцца карункі[2].

Па тагачаснай модзе пурпуэн зашпілены зверху толькі да паяска-перахвата, яго полачкі разышліся, і праз гэты трохвугольнік бачна светла-блакітная шаўковая кашуля з вышыўкай на грудзях. Касцюм дапоўнены вялікім адкладным каўняром з брабанцкіх карункаў  (шведск.), якія закрываюць плечы і спускаюцца на пышныя рукавы з шырокімі карункавымі манжэтамі-раструбамі[2].

На нагах Астрожскага светла-бэжавыя боты мушкецёрскага тыпу з мяккімі халявамі і вялікай фігурнай чатырохпялёсткавай накладкай на пад’еме, праз якую праходзіць раменьчык са спражкай, што прымацоўвае да ботаў шпоры, якія ў гэтым касцюме нясуць дэкаратыўную функцыю. Насок у ботаў усечана-тупы. Завяршае касцюм чорны з аксаміту капялюш з шырокімі палямі і плюмажам са страўсавых пер’яў[2].

Прычоска ў Януша таксама па модзе таго часу пры двары Людовіка XIII: завітыя валасы ляжаць на плячах[2].

Выстаўкі правіць

  • Выстаўка работ аддзела рэстаўрацыі Дзяржаўнага Рускага музея. Ленінград. 1977
  • Выстаўка работ мастака-рэстаўратара вышэйшай кваліфікацыі А. Б. Брындарава. Ленінград. 1977
  • Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
  • Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Партрэты XVI—XVIII стст. з Нясвіжа. Мінск. 1994

Зноскі

  1. а б в г д е Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 36-37. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  2. а б в г д Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура правіць