Пасёлак
Пасёлак — тып буйнога паселішча квартальнага тыпу ў сельскай мясцовасці. Таксама вылучаюць «пасёлкі гарадскога тыпу». Адпаведна, у статыстычных падліках насельніцтва пасёлкаў уключаецца ў склад сельскага насельніцтва, а пасёлкаў гарадскога тыпу — у склад гарадскога насельніцтва. Паводле Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі слова «пасёлак» з’яўляецца нядаўнім запазычаннем з расійскага «посёлок»[1].
Гісторыя
правіцьСфармаваўся ў сярэдзіне — другой палове XX ст. як вынік рэалізацыі праграмы па ўзбуйненні і рэканструкцыі «перспектыўных» паселішчаў. Забудова пасёлкаў вялася паводле тыповага, радзей індывідуальнага праекту (генеральнага плану). У паселішчы вылучаліся наступныя функцыянальныя зоны:
- адміністрацыйная (праўленне, пошта, ашчадная каса);
- гандлёвая (комплекс прадуктовых і прамтаварных крамаў);
- службаў побыту (пункты КБА, лазня, пральня);
- культурна-адукацыйная (школа, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка);
- жылая (галоўны масіў забудовы);
- вытворчая (фермы, механічныя майстэрні, перапрацоўчыя прадпрыемствы і г.д.).
Прадугледжвалася добраўпарадкаванне вуліц, пракладка інжынерных сетак (электрычнасць, сувязь, водаправод, каналізацыя), камфартабельная жылая забудова. Жылы масіў забудоўваўся блочнымі двух- чатырохпавярховымі будынкамі з невялікімі прысядзібнымі дзялянкамі і мінімумам гаспадарчых пабудоў. У падобныя паселішча назіраўся прыток працаздольнага насельніцтва, што вяло да заняпаду навакольных (г.зв. «неперспектыўных») вёсак.
Да канца 1980-х у сістэме сельскага рассялення Беларусі акрэсліліся значныя зоны, структуру якіх утварала даволі шчыльная сетка пасёлкаў: Бабруйск — Магілёў — Доўск; Слуцк — Салігорск; наваколле Мінску, Віцебску, Гомелю. Найбольш развітая структура пасёлкаў склалася на лініі Бабруйск — Магілёў[2].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Пасёлак // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978―, 1993. — Т. Т. 8: Н ― П / [укладальнікі: Г. А. Цыхун і інш. ; рэдактар В. У. Мартынаў]. — 272 с. — 1 280 экз. — ISBN 5-343-00962-Х. С. 181
- ↑ Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X. С. 33—35.
Літаратура
правіць- Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.