Прамысловасць Германіі
Германія мае шырока разгалінаваную і добра збалансаваную прамысловасць. Яе аснову складаюць буйныя сусветныя канцэрны і сярэднія прамысловыя прадпрыемствы. Гіганцкія манаполіі — «Круп», «Цісэн», «Баер», «Маннесман» і інш. — займаюць дамінуючыя пазіцыі. У прамысловасці Германіі вядучую ролю адыгрываюць апрацоўчыя вытворчасці. У сувязі з вычарпаннем мінеральна-сыравінных рэсурсаў, а таксама з узмацненнем экалагічных патрабаванняў да прамысловай вытворчасці ў краіне практычна зніклі вуглездабыўная, жалезарудная, медная, уранавая галіны. У выніку ўдзельная вага горназдабыўной прамысловасці скарацілася яшчэ больш. У апошні час усё больш галін прамысловасці ФРГ залежаць ад імпарту першаснай сыравіны, паўфабрыкатаў і паліва, але іх адрознівае высокая прадукцыйнасць працы, што з'яўляецца адной з найвышэйшых у свеце.
У 80-я гады мінулага стагоддзя ў ФРГ з'явіліся тэхнапаркі, цяпер іх больш за 20. У найбуйнейшы з іх ўваходзіць больш за 200 фірмаў, якія спецыялізуюцца на мікраэлектроніцы — «Ізар Вэлі» — створаны на базе Мюнхенскага ўніверсітэта.
Здабыўная прамысловасць
правіцьУ ХХ ст. Рурскім, Аахенскім і Саарскім басейнах здабываўся каменны вугаль, буры — у раёнах Кёльна, Лейпцыга, Гале і Котбуса. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў здабыча вугалю была згорнута. 21 снежня 2018 года ў горадзе Батропе была ўрачыста закрыта апошняя вугальная шахта, такім чынам скончылася цэлая эканамічная эпоха.[1] Здабыча бурага вугалю (каля 180 млн тон у год) працягвае заставацца важным складнікам энергетыкі Германіі, асабліва на ўсходніх землях, роўна як і аб'ектам нападак эколагаў. [2]
Энергетыка
правіцьЭнергетыка краіны працуе на імпартных энерганосьбітах. Нафту да нафтаперапрацоўчых заводаў дастаўляюць па нафтаправодах з Ратэрдама, Марселю, Генуі і праз уласныя марскія парты Расток, Вільгельмсгафен, Бремерхафен, Гамбург. Найбуйнейшыя цэнтры перапрацоўкі нафты — Карлсруэ, Інгальдштат, Эмден, Гамбург, Брэмен. Газ краіна атрымлівае транзітам па газаправодах: з Расіі праз краіны Ўсходняй Еўропы (Ямал — Еўропа) і па дне Балтыйскага мора (Паўночны паток, 55 млрд м³)[3]; і з паўночнаморскіх радовішчаў Нарвегіі праз Нідэрланды. У 2018-2019 будуецца паралельная галінка газаправода Паўночны паток-2, адкрыццё якой павялічыць транзіт да 110 млрд м³.
Электраэнергетыка краіны прадстаўлена усімі асноўнымі тыпамі электрастанцый, сярод якіх пераважаюць цеплавыя на вугалі (40 % электраэнергіі ў 2018). Паколькі 85 % здабытага ў Германіі бурага вугалю выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, цеплавыя электрастанцыі сканцэнтраваны ў раёнах колішняй здабычы бурага вугалю. Цяпер яны паступова пераходзяць на імпартнае паліва. Яшчэ каля 12 % даюць ЦЭС на прыродным газе. Агульнымі намаганнямі ўраду, прамыслоўцаў і эколагаў вугальная энергетыка плануецца быць цалкам згорнутай да 2038 года. Замяніць яе закліканы альтэрнатыўныя крыніцы, якія ў ХХІ стагоддзі дэманструюць імклівы рост. У 2016 годзе на альтэрнатыўную энергетыку прыходзілася амаль 30 % выпрацоўкі спажыванай электраэнергіі (Ветракі — 12,3 %, біямаса — 7,9 %, сонечныя фотаэлементы — 5,9 %).[4]
Доля атамных ЭС што ў канцы ХХ ст давалі больш за траціну электраэнергіі, у 2010 зменшылася да 22 %, у 2017 — да 11,63 %[5]. Закрыццё АЭС — балючае для нямецкага ўраду пытанне. У 2002 годзе ўпершыню было вырашана аб закрыцці ўсіх рэактараў да 2022. Фукусімская трагедыя вымусіла канчаткова заняць цвёрдую пазіцыю па гэтым пытанні. Невядома, ці будуць закрыты да 2022 ўсе АЭС, але ўрад Меркель настроены рашуча.
Машынабудаванне
правіцьУ прамысловасці вядучую ролю гуляе машынабудаванне. Яго прадпрыемствы размешчаны амаль ва ўсіх гарадах ФРГ, сярод якіх самымі значнымі цэнтрамі з'яўляюцца Берлін, Мюнхен, Нюрнберг, Франкфурт, Кёльн, Гамбург, Кіль, Лейпцыг, Дрэздэн, Штутгарт, Вольфсбург.
Аўтамабілебудаванне
правіцьТраціну прамысловай прадукцыі дае аўтамабілебудаванне. На працягу 2010-х Германія займае трывалае 4-е месца ў свеце па колькасці выпушчаных аўтамабіляў (у 2017 — 5,7 млн).[6]. Канцэрны «Даймлер», БМВ, «Фольксваген», МАН маюць заводы не толькі на радзіме, але і па ўсім свеце. Найбуйнейшы аўтагігант — Volkswagen Group — у 2016 амаль што пацясніў японскую Таёту і заняў другі радок у спісе аўтамабілебудаўнічых кампаній (10,1 млн адзінак). Даймлер і БМВ размясціліся на 13 і 14 радках з прыблізна 2,5 млн. аўто. [7]. Такім чынам, нямецкія кампаніі даюць 20 % сусветнай вытворчасці аўтамабіляў.
Аэракасмічная прамысловасць
правіцьТрадыцыйна развітая авіяцыйная прамысловасць, якая ў другой палове ХХ ст. трансфармавалася ў аэракасмічную. Галоўныя цэнтры — Мюнхен і Гамбург.
Суднабудванне
правіцьУ канцы ХХ стагоддзя Германія займала адно з вядучых месцаў у свеце па будаўніцтву марскіх судоў (1-е — У Еўропе і 3-е — у свеце). Сёння на рынку грузавых суднаў немцаў моцна пацяснілі кітайскія і карэйскія карабелы. Прадпрыемствы ў Брэмене і Папенбурзе выпускаюць круізныя лайнеры і люксавыя яхты.[8]
Цяжкае машынабудаванне
правіцьЦяжкае машынабудаванне засяроджана ў Дуйсбургу, Эсэне, Хемніцы, Аўгсбургу, Франкфурце-на-Одэры — напалову ў былой ГДР. У пачатку ХХІ стагоддзя многія прадпрыемствы галіны былі закрыты або перапрафіляваны.
Іншае
правіцьВа ўсім свеце шырокай папулярнасцю карыстаецца нямецкая электратэхнічная прамысловасць («Сіменс», «Бош»). Абсталяванне для паліграфічнай прамысловасці вырабляецца ў Гайдэльбергу, Плаўэен, Хемніцы.
Хімічная прамысловасць
правіцьГерманія ўпэўнена займае 2-е месца ў свеце як па экспарце (13 %), так і імпарце (7 %) прадукцыі хімічнай прамысловасці. Па аб'ёмах хімічнай вытворчасці Германія саступае толькі ЗША і Кітаю. Шматгаліновая хімічная і фармацэўтычная прамысловасць выпускае прадукцыю сусветнага ўзроўню (канцэрны «Велла» (Wella AG), «Хенкель» і інш.) Вялікае значэнне мае выпуск сінтэтычных і штучных матэрыялаў і валокнаў. Доўгі час хімічная прамысловасць развівалася на аснове вугальнай сыравіны, таму вытворчасць азотных угнаенняў, выбуховых рэчываў, сінтэтычных смол, каўчуку, пластмас размешчана ў раёнах яго былой здабычы. Развіццё нафтахіміі абумовіла зрух вытворчасці да мора. За часам ГДР у Саксоніі сфармаваўся горна-хімічны цыкл. Тут ёсць паклады мінеральнай сыравіны для хімічнай прамысловасці, з якіх вырабляюць кальцынаваную соду, хлор, магній і інш.
Лёгкая прамысловасць
правіцьРазвітыя лёгкая (у т.л. тэкстыльная) і харчовая прамысловасць. На ўвесь свет вядомыя маркі спартыўнай вопраткі і абутку «Адыдас» (8 прадпрыемстваў і 25 даччыных фірмаў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Паўночнай Афрыцы) і «Пума» (даччыныя фірмы ў ЗША, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі).
Харчовая прамысловасць
правіцьДзясяткі гатункаў піва экспартуюцца ў іншыя краіны Еўропы. Па аб'ёмах піваварнай вытворчасці, экспарту і спажывання яе прадукцыі Германія займае першае месца ў Еўропе, а ў свеце саступае толькі ЗША.
Рурская гісторыя
правіцьУ 1960-х — 1970-х скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці галін здабыўной і ніжэйшых паверхаў апрацоўчай прамысловасці прывялі да ўзнікнення эканамічных і сацыяльных праблем у старапрамысловых раѐнах, адным з якіх быў Рур. У 50-я гг. ХХ ст. Рур даваў 60 % выплаўлення сталі і 80 % здабычы каменнага вугалю ў краіне. Але ўжо ў 1960-х гг. арыентацыя на імпарт таннай нафты прывяла да закрыцця вугальных шахт у Руры. Скарацілася і вытворчасць у чорнай металургіі. Рурская вобласць перайшла ў катэгорыю дэпрэсіўных раѐнаў.
Улады краіны распрацавалі комплекс мер па мадэрнізацыі вядучых галін, іх тэхнічным перааснашчэнні. І ў канцы 80-х гг. ХХ ст. 60 % усіх занятых у Руры былі звязаны з невытворчай сферай. Гэты раѐн, які перажыў свайго роду «рэанімацыю», цяпер знаходзіцца ў стадыі «выздараўлення». Перспектывы яго далейшага развіцця звязаны з сучаснай, арыентаванай на выпуск спецыяльных сталей, чорнай металургіяй і навукаѐмістым машынабудаваннем, тонкай хіміяй, у тым ліку фармацэўтычнай прамысловасцю.
Зноскі
- ↑ https://www.dw.com/ru/%D0%BA%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D1%86-%D0%B4%D0%BE%D0%B1%D1%8B%D1%87%D0%B8-%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D0%BE-%D1%83%D0%B3%D0%BB%D1%8F-%D0%B2-%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D0%B8-%D0%B2%D1%8B%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D1%8B-%D0%B4%D0%BB%D1%8F-%D1%80%D0%BE%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%B8/a-46813347
- ↑ https://www.dw.com/ru/%D0%B2-%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D0%B8-%D0%B7%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%87%D0%B8%D0%B2%D0%B0%D0%B5%D1%82%D1%81%D1%8F-%D1%8D%D0%BF%D0%BE%D1%85%D0%B0-%D0%B4%D0%BE%D0%B1%D1%8B%D1%87%D0%B8-%D0%B1%D1%83%D1%80%D0%BE%D0%B3%D0%BE-%D1%83%D0%B3%D0%BB%D1%8F/g-47231796
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2018. Праверана 13 сакавіка 2019.
- ↑ https://1-stromvergleich.com/strom-report/renewable-energy-germany/#germany-power-generation-mix-2016 Архівавана 15 сакавіка 2019.
- ↑ %.https://pris.iaea.org/PRIS/CountryStatistics/CountryDetails.aspx?current=DE.
- ↑ http://www.oica.net/category/production-statistics/
- ↑ http://www.oica.net/wp-content/uploads/World-Ranking-of-Manufacturers.pdf
- ↑ https://www.deutschland.de/ru/topic/ekonomika/torgovye-marki-i-rynki/sudostroenie-v-germanii