Пруф
Пруф (англ.: proof, скарочана PRF; ням.: Polierte Platte, скарочана РР, радзей Spiegelglanz,) — найвышэйшая якасць біцця манеты ці медаля, што атрымліваецца пры іх вырабе з выкарыстаннем адмысловага прыстасавання і прыладаў.
Манеты стану пруф вырабляюцца адмыслова для калекцыянераў у індывідуальным рэжыме з высокім працэнтам ручной працы. Тэхналогія вымагае некалькіх адцісканняў штэмпеляў на адну і тую самую паверхню манеты, якія адбываюцца пад ціскам ў сотні тон. Гатовыя манеты вымаюць уручную і змяшчаюць у адмысловыя празрыстыя капсулы ці запайваюць у пластык для захавання паверхні манеты, якую яшчэ называюць паліраванай.
Манеты якасці пруф маюць зусім роўную люстэркавую паверхню поля і, звычайна, матавы малюнак рэльефу. Зрэдчас сустракаецца так званы «рэверсіўны пруф», дзе поле матавае, а выявы люстэркавыя (паліраваныя). На манеце добра відныя найдрабнейшыя падрабязнасці.
Таксама на манеце не павінна быць бачных вокам драпін, насечак, задзірак, няроўнасці паверхні поля, неканцэнтрычных надсечак гурта і слядоў дотыку рук.
Любое выцягванне з капсулы і мацанне такой манеты пакідае на полі адбіткі пальцаў, якія ўжо немагчыма прыбраць. Манета пасля гэтага губляе сваю вартасць сярод калекцыянераў.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |