Рабства
Рабства — прымусовае падпарадкаванне адной асобы іншай, або адной групы людзей іншай. Раб не мае асабістых правоў уласнасці, яго можна было прадаць, забіць.

Рабства ў пэўных відах існавала ва ўсіх народаў, хоць не ўсюды развілася ў грамадска-эканамічную фармацыю. Рабаўладальніцкі лад як фармацыя існаваў з V ці IV тыс. да н. э. да III—V стст. н. э. Росквіту дасягнуў у Старажытнай Грэцыі (V—IV стст. да н. э.) і Рыме (з II ст. да н. э.). У Кітаі рабаўладальніцкі лад заменены феадальным яшчэ ў I тыс. да н. э. У старажытных славян, германцаў і іншых рабства было толькі ў выглядзе ўкладу. У рабаўладальніцкім грамадстве асноўнымі антаганістычнымі класамі былі рабы і рабаўладальнікі; існаваў таксама клас дробных вытворцаў — свабодных сялян і рамеснікаў. Паводле становішча, замацаванага юрыдычнымі нормамі, раб быў маёмасцю: гаспадар мог яго купіць, прадаць і ў некаторых рэдкіх выпадках — забіць.
У залежнасці ад гістарычных тыпаў і разнавіднасцей рабаўладальніцкіх грамадстваў і дзяржаў, а таксама этапаў іх развіцця адрозніваюць патрыярхальнае рабства (характэрна для часоў распаду абшчынна-родавага ладу і зараджэння класаў), усходняе (у Старажытнай Індыі і Кітаі рабы належалі дзяржаве, храмам, уладарам і асобным прадстаўнікам знаці) і антычнае (краіны міжземнаморскага басейна). На тэрыторыі Беларусі ў час распаду абшчынна-родавага ладу існавала патрыярхальнае рабства, але рабаўладальніцтва не набыло тут класічных рыс і не стала асновай вытворчасці.
У XVI—XVIII стст. у Іспаніі, Партугаліі і Вялікабрытаніі, а ў Амерыцы — у XVIII—XIX стст. рабская праца сталася падмуркам эканомікі, мільёны афрыканцаў вывозіліся з кантыненту ў іншыя краіны і выкарыстоўваліся як бескаштоўныя прылады працы, працуючы на плантацыях, а пазней — на мануфактурах. Шмат хто з іх хутка паміраў, але ўсё адно выгода ад падобнай эксплуатацыі была велічэзнай.
Рабства ў Брытанскай імперыі было забароненае ў 1833 г., у ЗША — часткова ў 1-й палове XIX ст., канчаткова — у час Грамадзянскай вайны (1863). Аднак нелегальна рабства працягвае існаваць у некаторых краінах і ў наш час[1].
Зноскі
- ↑ International Labour Organisation. A Global Alliance Against Forced Labour. ISBN 92-2-115360-6.
Літаратура
правіць- Рабаўладальніцкі лад // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 26. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Рабства на Вікісховішчы |