Размовы:Жыціе Ефрасінні Полацкай

"Жыціе Еўфрасінні Полацкай" узнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ ст. і з’яўляецца асноўнай крыніцай звестак пра дзейнасць і лёс славутай полацкай асветніцы. Аўтар Жыція невядомы, але тэкст дае падставы меркаваць, што ў яго складанні браў удзел "слуга" Еўфрасінні Міхаіл, магчыма, ігумен мужчынскага манастыра, заснаванага падзвіжніцай у Полацку. Неаднаразова выказвалася гіпотэза, што ў Жыціі адлюстраваліся ўласныя малітваслоўныя і павучальныя творы самой Еўфрасінні, укладзеныя аўтарам Жыція ў вусны галоўнай гераіні як яе маналогі і роздумы. Першапачатковы варыянт тэксту да нашага часу не захаваўся. Налічваецца значна болей за сотню спісаў гэтага твора, старэйшы з якіх датуецца XV cт. (звесткі пра спіс XІV cт. пацвярджэння не маюць). Усе спісы ўкладаюць шэсць рэдакцый, якія адлюстроўваюць уплывы розных пазнейшых літаратурных стыляў і школ, але асноўны фонд гістарычных звестак, моўна-стылёвых і асабліва вобразатворчых формаў і сродкаў з высокай ступенню дакладнасці перадае асаблівасці страчанага арыгінала. Помнік створаны ў рэчышчы манументальна-гістарычнага стылю і належыць да жанравай разнавіднасці жыцій-біясаў, або "поўных", нескарочаных жыцій-аповесцей, якія выкарстоўваліся ў набажэнстве або чыталіся на манастырскай трапезе. Царкоўна-службовае прызначэнне амаль цалкам падпарадкоўвае сабе змест і паэтыку жыццяпісу Еўфрасінні. Так, складаючы твор, невядомы аўтар грунтаваўся не толькі на рэальна-біяграфічным матэрыяле (які мог ведаць асабіста або ад сучаснікаў), але шырока выкарыстоўваў візантыйскае з паходжання жыціе нябеснай патронкі полацкай князёўны — Еўфрасінні Александрыйскай, а таксама заходнееўрапейскае "Жыціе Аляксея, чалавека Божага", усходнеславянскі "Ізборнік Святаслава" 1076 г. і інш. Вобраз галоўнай гераіні ідэалізаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі агіяграфіі і можа супастаўляцца не з партрэтнай выявай, а з іконай. Складальніка Жыція цікавілі не перапетыі лёсу, прыгоды, рэаліі жыцця гераіні, а тое агульнае для многіх падзвіжнікаў эпохі, у чым, на яго думку, выяўлялася богаабранасць, святасць Еўфрасінні. Таму дзеянне ў творы разгортваецца ў межах трафарэтнай агіяграфічнай схемы, што не замінае, аднак, стварыць прывабныя і не пазбаўленыя жывых рыс вобразы самой Еўфрасінні Полацкай, яе сясцёр, бацькі, братоў, паплечніц, царкоўных уладык, яскрава адлюстраваць асаблівасці менталітэту і духоўных каштоўнасцей сярэднявечнага грамадства. Важнейшымі асаблівасцямі Жыція можна лічыць спробы драматызацыі апавядання шляхам уключэння ў тэкст эмацыйна напружаных дыялогаў герояў, а таксама нетыповую для агіяграфіі таго перыяду псіхалагізацыю. У пэўнай ступені аўтар Жыція часам адыходзіў ад задач стварэння царкоўна-службовага і павучальнага твора. Пад яго пяром узнікалі сапраўдныя рысы рэальных асоб, уся дзейнасць якіх была накіравана на распаўсюджанне асветы ў родным краі.

Вярнуцца да старонкі «Жыціе Ефрасінні Полацкай».