Садукеі — адна з трох рэлігійна-палітычных плыняў (сект) у старажытнай Іўдзеі ў II ст. да н.э. — I ст. н.э.

Сваю назву вялі ад Садока, першасвяшчэнніка іерусалімскага храма, які жыў у X ст. да н.э. і якога яны лічылі сваім духоўным бацькам. Як рэлігійна-ідэалагічная плынь, садукеі выражалі інтарэсы прадстаўнікоў іўдзейскай рабаўладальніцкай знаці, вышэйшага іерусалімскага жрэчаства і чыноўнікаў. У адрозненне ад фарысеяў, садукеі ў дагматычных пытаннях праяўлялі пэўны рацыяналізм, вучылі аб існаванні свабоды волі і свабоды выбару чалавекам паміж дабром і злом. Пасля падпарадкавання Іўдзеі рымскаму панаванню (63) садукеі захапілі кіруючыя пазіцыі ў храмавым кульце і ў палітычным жыцці, вылучаліся сваім багаццем і раскошным вобразам жыцця. Групуючыся вакол кіруючай дынастыі ў якасці яе военачальнікаў і дарадцаў, садукеі сканцэнтравалі ў сваіх руках ваенную і адміністрацыйную ўладу ў краіне, бо самі складалі не толькі родавую, але і грашовую арыстакратыю старажытнай Іўдзеі. Пасля разбурэння Іерусаліма (70) садукеі страцілі сваё духоўнае значэнне і палітычную магутнасць і сышлі з гістарычнай арэны[1].

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 176. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.

Літаратура правіць