Свята-Пакроўская царква (Сянно)
Свята-Пакроўская царква — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Сянне Віцебскай вобласці.
Праваслаўны храм | |
Свята-Пакроўская царква | |
---|---|
54°48′39″ пн. ш. 29°41′59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Сянно |
Дата пабудовы | 1860 год |
Гісторыя правіць
У 1860 годзе Ксаверый Войцехавіч Пуслаўскі, адзін з уладароў горада, будуе драўляную Пакроўскую царкву[1].
Пасля закрыцця царквы ў памяшканні доўгі час знаходзіўся мучны склад. У 1939—1940 гадах будынак быў разбураны. Пасля Другой сусветнай вайны на месцы храма пабудавалі спартыўны комплекс СШ № 2, а ў 1972 годзе быў пабудаваны новы будынак, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны».
Архітэктура правіць
Царква была пабудавана ў народным драўляным стылі з рысамі класіцызму. Гэта быў прыходскі храм, які стаяў у планіровачным цэнтры горада і прызначаўся для вясковага насельніцтва Сенненскага павета, бяднейшых слаёў.
Царква ўяўляла сабой трохзрубны храм, выцягнуты восевай кампазіцыяй з двума купаламі. Ва ўсю даўжыню будынка ішоў неф, які ўпоперак перасякаўся з другім нефам — трансептам. Далей ішла апсіда, зробленая ў форме трох-чатырохгранных выступаў. Уся прастора царквы — прытвор, алтар і апсіда, была пакрыта адным двухсхільным дахам з франтонам над апсідай, трансептам і прытворам.
З левага боку знаходзілася рызніца, невялікае памяшканне пры алтарнай частцы, у якой захоўваліся царкоўныя рэчы. План царквы ўяўляў сабой выцягнуты крыж. У месцы перакрыжавання знаходзіўся васьмігранны барабан з васьмю аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і невялікай галоўкай у форме цыбуліны. Вокны мелі класічную прамавугольную форму і былі аздоблены налічнікамі з франтонамі.
Над прытворам узнімаўся другі барабан у форме чацверыка са схіленымі вугламі, з чатырма аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і галоўкай-цыбулінай. Тут знаходзілася званіца, афарбаваная ў блакітны колер, з зялёнымі купаламі. Тэрыторыя царквы была абсаджана ліпамі ў два рады і абнесена драўлянай агароджай[2].
Зноскі
Літаратура правіць
- Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. — Віцебск, 2000. — С. 126—132.
- Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. — Мінск : Литература и искусство, 2008. — С. 80-83.