Удзельнік:SPO/Размовы:Расійская мова

Расейская (расійская) — і руская мова. Слова расійскі ўтварылася паводле прадукцыйнай мадэлі “ўласная назва (аснова яе) + суфікс -ск-і” (у народнай мове) Расея > расейскі ці (афіцыйна) Расія > расійскі. Як і Англія англійскі. Яшчэ славуты М.Ламаносаў ужываў гэтае найменне і даў яго сваёй капітальнай працы “Российская грамматика”. Геніяльны вучоны і паэт выкарыстоўваў гэтае слова і з іншым значэннем: “...что может собственных Платонов и быстрых разумом Невтонов Российская земля рождать”. Нагадаем яшчэ распаўсюджаны тэрмін “российская словесность", а таксама “национальную гордость великороссов” (Ленин) (а не “рускіх”). Гэта царская Расія (паводле акрэслення Леніна — “турма народаў”) не прызнавала беларусаў і ўкраінцаў за асобныя народы (нават назва “Беларусь” была забароненая) і таму выкарыстоўвала тэрмін русские дзеля абазначэння ўсіх усходніх славянаў (расійцаў, ўкраінцаў, беларусаў). У царскай Расійскай імперыі была адзіная дзяржаўная мова — руская (русский язык). Але ж гэтае найменне — ад Русь, і яно не дае сапраўднага акрэслення сутнасці таго паняцця, якое абазначае. Найчасцей мова атрымлівае свае найменне ад назвы краіны (з пераважным карэнным насельніцтвам): Беларусь — беларуская, Балгарыя — балгарская, Іспанія — іспанская, Македонія — македонская, Славакія — славацкая, Славенія — славенская, Сербія — сербская, Харватыя харвацкая, Украіна — украінская, Чэхія чэшская і пад. Таму натуральна і Расія — расійская (ці па-расійску: Россия — российский язык (расійская мова)). Такая намінацыя выкарыстоўваецца ўкраінцамі (російська мова), палякамі (język rosyjski), а таксама іншымі славянамі, напрыклад русінамі: росийски язик (гл.: А.Е.Супрун, А.К.Калюта. Введение в славянскую филологию. Мн.: Вышэйшая школа, 1981. С. 137).

Тэрмін расійскі замацаваны і ў назвах лексікаграфічных даведнікаў: “Беларуска-расійскі слоўнік” (Мн., 1926) і “Расійска-беларускі слоўнік” (Мн., 1928) М.Байкова і С.Некрашэвіча; д-р. Я.Станкевіч. “Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік” (New York, 1990); А.Глушко, А.Стасевіч, А.Бокун. “Расейска-беларускі хімічны слоўнік". Мн.: Тэхналогія, 1993; С.Суднік, С.Чыслаў. “Расейска-беларускі вайсковы слоўнік”. Мн.: Белфранс, 1997. Параўн.: “Украінсько-російський словник” (Київ, 1977). Назву расійскі (расейскі) сёння выкарыстоўваюць аўтарытэтныя выданні. І гэта натуральна: ён дакладна перадае адэкватнае паняцце і не мае шавіністычнага адцення. А што да таго, нібыта яна застарэлая, дык у жыцці грамадства і яго мовы былое застарэлае можа аднаўляцца і стаць зноў нормаю. Так, у нашых ака-дэмічных слоўніках (РБС-82, ТСБМ ды інш.) з паметаю “ўстарэлае” падаюцца словы расіянін, расіянка, але сёння гэтыя словы вернутыя да актыўнага выкарыстання, і ўжо ў РБС-93 яны не маюць гэтае паметы.

Такім чынам, сёння рэальна ў маўленні беларусаў выкарыстоўваюцца па-ралельна два найменні: 1) руская мова і 2) расейская (расійская) мова, якое найбольш дакладна перадае сутнасць адпаведнага паняцця. Паралельнае ўжыванне абедзвюх формаў знайшло свой адбітак і ў акадэмічным аднатомавым “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” (Мн.: Бел. эн-цыкл. імя Петруся Броўкі, 1996. С. 550): “Расійскі, -ая, -ае. Тое, што і рускі, які адносіцца Да Расіі”. Параўнаем дэфініцыю тэрміна рускія, што даецца тут на с. 568, з іншымі адэкватнымі дэфініцыямі і пераканаемся ў яго штучнасці: “Рускія… Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Расіі…” і на с. 86: “Беларусы… Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. З дэфініцыі… "Народ, які складае асноўнае насельніцтва Расіі”, натуральна вынікае — расій-цы (як і ўкраін-цы), і мова яго — расійская.

P.S. Сцяцко П. Культура мовы / П.Сцяцко. — Мн.: Тэхналогія, 2002. — 444 с. ISBN 985-458-062-8

P.P.S. © Сцяцко П., 2002