Хут — у беларускай міфалогіі дамавы дух, які прыносіў гаспадарам грошы, зерне, поспех, але, калі яго не кармілі, мог жорстка адпомсціць.

Апісанне правіць

Паліморфны дух, мог мець выгляд як маленькага хлопчыка ці карліка, так нежывых прадметаў — сукаватае палена, старое кола, сухі корч і г. д. З'яўляўся ў тых дамах, дзе калісьці разбэшчаныя дочкі забівалі сваіх пазашлюбных дзяцей ці патаемна расцілі іх няхрышчанымі. Душа такога дзіцяці і ператваралася ў Хута. Дураслівасць, гарэзлівасць, гуллівасць ён захоўваў назаўсёды: мог шкодзіць гаспадарам, жартаваць з гасцей: схаваць чужы капялюш, рассыпаць бабы і гарош, а да раніцы пазбіраць зноў у скрыні.

Кожны гаспадар павінен быў карміць Хута, прычым рытуальнай і адначасова традыцыйнай дзіцячай ежай — яешняй, якую пеклі з разбоўтаных яек і аздоблівалі малымі абаранчыкамі. Такі ласунак звычайна ўжываўся на вяселлях, хрэсьбінах, на купальскіх і траецкіх дзявочых абрадах. Клікаць Хута есці трэба было асабістымі словамі: "Хут, хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку!".

Хут найчасцей заставаўся нябачным, таму судзілі аб ім па яго ўчынках. Калі ён палюбіў нейкую хатнюю жывёліну, тая расла і папраўлялася, а іншых кароў ці авечак ён мог усю ноч ганяць па хляве, тыя пакутавалі і худнелі. Добра дагледжаны Хут дапамагаў гаспадарам, у такой сям'і заўсёды былі і харчы, і грошы. Хут мог насіць гаспадарам снапы з чужых палёў, грошы са схаваных у зямлі скарбаў. Калі ж Хута не даглядалі і не кармілі, ён мог адпомсціць — спаліць хату і двор, прычым суседзяў такі пажар зусім не закранаў. Сам Хут назіраў за вогнішчам і ператвараўся пры гэтым у нейкі непатрэбны прадмет. Калі нейкі сусед здагадваўся перанесці гэту рэч з пажарышча ў свой дом, у таго Хут жыў і прыносіў шчасце і багацце.

Калі чалавек хутка працаваў, пра яго гаварылі: "Ці не хут яму дапамагае?". Большасць паданняў пра Хута запісана на паўночным захадзе Беларусі, у Мядзельскім раёне.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць

Літаратура правіць

  • Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.