Эканоміка Малдовы
Сённяшняя Малдова — найбольш адсталая і бедная краіна Еўропы. Гэта адзіная еўрапейская дзяржава, індэкс чалавечага развіцця якой ацэнены як "сярэдні" (2015). Эканоміка краіны носіць аграрны характкар, хаця ў выніку дэіндустрыялізацыі, што адбылася следам за распадам СССР, пераважае сфера паслуг. Моладзь актыўна мігрыруе ў Расію і краіны Еўрапейскага Саюза. Малдове належыць еўрапейскі турыстычны антырэкорд — краіну наведвае ўсяго каля 11 000 замежных турыстаў штогод[1].
Гісторыя і сучаснасць. Факты і паказчыкі
правіцьСучасны стан малдаўскай эканомікі абумоўлены эканамічнымі і палітычнымі наступствамі распаду СССР. Да першых адносяцца страта вытворчых сувязяў і традыцыйных рынкаў збыту, закрыццё доступу да фактычна бясплатных энергарэсурсаў; да другіх — аддзяленне ад краіны прамыслова развітага левага берага Днястра. Цяпер 73 % ВУП краіны ствараецца ў сферы паслуг[2], але гэта ніяк не азначае постіндустрыяльнага характару эканомікі, справа ў заняпадзе прамысловасці. Што тычыцца сельскай гаспадаркі, яна, безумоўна, таксама не пазбегла крызісу, але менавіта аграрная прадукцыя і харчовая прамысловасць вызначаюць твар Малдовы ў сусветнай гаспадарцы. Малдову можна назваць адзінай аграрнай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце, што гучыць, хутчэй, як антыкамплімент. ВУП на душу насельніцтва ў 2018 складае 6000 долараў і гэта апошняе месца ў Еўропе. 14-15% ВУП ствараюць грашовыя пераводы з-за мяжы, у канцы 1990-х гэтая лічба дасягала 26%. Эканоміка Малдовы знаходзіцца ў моцнай залежнасці ад Расіі, у першую чаргу гаворка ідзе аб цэнах на газ, у другую — аб забаронах на імпарт віна.
Зрэшты, ліберальныя рэформы 1990-х прывялі і да станоўчых зрухаў: развіваецца прыватны бізнес, ВУП краіны даволі стабільна расце (па 4 % у 2016 і 2017).[3]
Прамысловасць
правіцьЭнергетыка
правіцьЭнергетыка Малдовы традыцыйна базуецца на цеплавых электрастанцыях (86 %), гідраўлічныя станцыі на Днястры даюць больш за 12 % элетраэнергіі, на альтэрнатыўныя крыніцы прыходзіцца толькі 1,2 % (2015)[4].
Харчовая прамысловасць
правіцьУ савецкія часы і сёння Малдова была і застаецца вырабніком харчовай прадукцыі шырокага асартыменту і высокай якасці. Па ўсёй СНД вядомыя малдаўскія віны і каньякі, якія вырабляюцца на прадпрыемствах як у вялікіх (Кішынёў), так і малых (Крыкова, Milestii Mici) гарадах і нават вёсках, пладовых кансерваў. У камуне Малыя Мілешты знаходзіцца буйнейшая ў свеце вінатэка з 1,5 млн. бутэльткамі. Для ўнутранага рынку вырабляюцца цукар, расліннае масла.
Іншыя галіны
правіцьАкрамя харчовай прымысловасці, у Малдове, дзякуючы таннай працоўнай сіле, развіваецца швейная і абутковая галіны (пашыў адзення для расійскіх і еўрапейскіх брэндаў). Машынабудаванне і хімічная прамысловасць з часу распаду СССР у заняпадзе. Тым не менш, адзінкавыя прадпрыемствы выпускаюць некаторыя віды прадукцыі, напрыклад, бытавую тэхніку (пральныя машыны, лядоўні). Захавалася вытворчасць сельскагаспадарчых машын.
Сельская гаспадарка
правіцьБагатыя глебы і умерана-кантынентальны клімат (з цёплым летам і мяккай зімой) зрабілі краіну адным з самых прадуктыўных сельскагаспадарчых рэгіёнаў і адным з асноўных пастаўшчыкоў аграрнай прадукцыі ў Паўднёва-Усходняй Еўропе. З зарневых вырошчваюцца пшаніца і кукуруза. З тэхнічных — цукровыя буракі (у лесастэпавай зоне) і сланечнік. Вінаграднікі займаюць 150 тыс. га малдаўскай зямлі. На многіх сямейных фермах вырошчваюцца ўласныя гатункі вінаграду, сакрэты догляду якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Значная частка сельскагаспадарчай прадукцыі не перапрацоўваецца ў Малдове, а ідзе на экспарт.
Знешні гандаль
правіцьГалоўнымі гандлёвымі партнёрамі Малдовы сёння (2016) з’яўляюцца Румынія (22,5 % экспарту і 19,5 % імпарту) на захадзе і Расія (10 % і 21,3 %) на ўсходзе. На долю Беларусі выпадае 4,6 % і 2,5 % адпаведна. 88 % малдаўскага экспарту прыходзіцца на краіны СНД і ЕС, прычым доля заходніх партнёраў у ХХІ ст. стала большай за палову. Аснову экспарту складаюць сельскагаспадарчая сыравіна (цукровыя буракі, насенне сланечніка, пшаніца) і прадукцыя харчовай прамысловасці (вінаградныя віны, пладовыя кансервы). Другой важнай групай экспартных тавараў стала, пацясніўшы чорную металургію, швейная прамысловасць (майкі, паліто, касцюмы)[5]. Акрамя Румыніі і Расіі, найбуйнейшымі імпарцёрамі малдаўскіх тавараў з’яўляюцца Італія, Германія і Турцыя.
У малдаўскім імпарце ўдзельная вага ўсходніх партнёраў сур’ёзна большае за кошт прыроднага газу і нафтапрадуктаў. Таксама Малдова імпартуе машыны, лекі, прадукты харчавання і інш. За Расіяй і Румыніяй у рэйтынгу пастаўшчыкоў ідуць Украіна, Германія, Турцыя[6].
Зноскі
- ↑ http://www.travelersdigest.com/7402-ten-least-visited-countries-in-europe/2/ Архівавана 14 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=135&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=135&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016